Браты Райт
З Вікіпедыя.
РАЙТ браты Уілбер (англ.: Wilbur Wright, 1867—1912) і Орвіл (англ.: Orville Wright, 1871—1948), амерыканскія вынаходнікі–авіяканструктары.
Уілбер Райт нарадзіўся 16 красавіка 1867 каля Ньюкасла ў Індыяне. Орвіл Райт нарадзіўся 19 жніўня 1871 у Дэйтане штат Агайо. Іх бацька быў біскупам, таму сям'і прыходзілася часта змяняць месца жыхарства, пакуль у 1884 г. яны не пасяліліся ў Дэйтане.
Навучанне ў школе ніколі не з'яўлялася для братоў асоба важным, а вышэйшай адукацыі яны так і не атрымалі. У школе пачалі рабіць паветраных змеяў, якіх прадавалі. У 1892 г. адчынілі краму па продажы ровараў, затым рамонтную майстэрню, а ў 1895 г. запусцілі ўласную вытворчасць ровараў. У 1900 г. пачалі эксперыментаваць са сваім першым планёрам у Кіці-Хоўк, а ў 1901 выпрабавалі другі планёр. У 1902 г. прыступілі да стварэння першага маторнага аэраплана рухавік для якога сабралі самі (маса — 77 кг, хуткасць кручэння вала — 1200 аб/хв, магутнасць 12 к.с.).
17 снежня 1903 здзейснілі першы ў гісторыі пілатуемы палёт на маторным аэраплане «Флайер-1». Адлегласць першага палёту (пілотам быў Орвіл Райт) была роўная 37 метраў. Апарат прабыў у паветры 12 секунд. У той жа дзень ужо Уілбер Райт пратрымаўся ў паветры 59 секунд і пераадолеў 260 метраў.
У наступныя два гады працягвалі ўдасканальваць канструкцыю аэраплана і здзейснілі больш 200 палётаў. 22 мая 1906 г. атрымалі патэнт на сваё вынаходніцтва. А ў 1909 г. заснавалі кампанію «Райт» якая вырабляла самалёты і навучала пілотаў.
Уілбер Райт памёр ад брушнога тыфу 30 мая 1912 г. у Дэйтане. Орвіл Райт памёр 30 студзеня 1948 г. у Дэйтане. Пасля яго смерці першы маторны аэраплан «Флайер-1» паступіў у якасці экспаната ў Смітсанаўскі інстытут у Вашынгтоне.