Пётр, апостал
З Вікіпедыя.
Святы Пётр — Сымон Пётр, адзін з дванаццаці першых вучняў (апосталаў) Ісуса Хрыста, першы рымскі біскуп. Узгадваецца ў Новым Запавеце. Галілейскі рыбак з Віфсаіды, сын Іоны і брат Андрэя Першазванага, менавіта брат прывёў яго да Ісуса. Пётр быў найбліжэйшым вучнем Хрыста. Пятра лічаць за святога каталікі, праваслаўныя і іншыя хрысціяне. Мусульмане-шыіты лічаць, што Сымон-Пётр (Шамаон) быў абраны богам у намеснікі Ісусу (Ізе).
Біскуп Антыохіі, пазней біскуп Рыма. Cучасная каталіцкая традыцыя лічыць яго першым рымскім папам. Быў асуджаны рымскімі ўладамі на ўкрыжаванне, па паданні прасіў укрыжаваць яго ўніз галавой. Дата смерці дакладна невядомая, па адных дадзеных 13.10.64 г., па другіх — 29.6.69 г. Лічыцца, што пахаваны ў пячорах, над якімі зараз Сабор св. Пятра ў Ватыкане (або каля Апіевай дарогі), але беспаспяховасць археалагічных раскопак спарадзіла сумлевы у сапраўднасці звестак аб месцы пахавання Пятра[1].
[правіць] Іканаграфія
Верагодных выяваў не існуе, а іканаграфічная традыцыя, пачынаецца каля 4 ст. Напрыклад, на медальёне 4 ст. з пазалочанага шкла, дзе Пётр выяўлены разам з Паўлам, ён паказаны з кароткай барадой і шапкай валасоў[1]. Часта на выявах Пётр паказваецца з двума ключамі ад царства нябеснага.
[правіць] Імя
Сапраўднае імя Шымон (іўр.: שמעון — які слухае і чуе). Ад Ісуса атрымаў мянушку Кефас (арам.: כיפא — камень, скала). Пры перакладзе на грэчаскую мову, часцінка скалы ці галька — Петра (Πέτρα), слова жаночага роду. Матфей, а за ім Марк, Лука і Ян у сваіх Евангеллях выправілі жаночы род на мужчынскі, атрымалася Петрос (Πέτρος) — на лацінскай мове Petrus. Гэтак атрымалася Пётр ці Сымон-Пётр, у мусульман — Шамаон бен Ёнах.