Евангелле
З Вікіпедыя.
Евангелле (грэч.: euaggelion - добрая вестка), царкоўна-рэлігійны тэрмін, які ужываецца да твораў новазапаветнага зводу кананічных кніг Бібліі (першых чатырох кніг Новага запавету), у якіх апавядаецца пра зямное жыццё і выкладаюцца дагматы Ісуса Хрыста – заснавальніка хрысціянства.
Навуцы вядома значная колькасць твораў гэтага тыпу, якія царква падзяляе на дзве групы. Да першай з іх яна адносіць тэксты чатырох апосталаў: Евангелле ад Мацвея, з ліку 12 вялікіх апосталаў Ісуса Хрыста; Евангелле ад Марка, з ліку 70 меншых апосталаў, які быў спадарожнікам вялікага апостала Пятра; Евангелле ад Лукі, з ліку меншых апосталаў, спадарожніка вялікага апостала Паўла; Евангелле ад Іаана, з ліку вялікіх апосталаў. Тэксты гэтых евангелляў яна прызнала і ўнесла ў канон кніг Новага запавету Бібліі. Тэксты іншых евангелістаў (назарэяў, іудзеяў, Нікадзіма, Фамы, Якава і інш.) царква адвяргае і лічыць іх апакрыфічнымі, г. зн. ерэтычнымі, якія не маюць права на існаванне ў новазапаветным зводзе Бібліі.
Навуковая крытыка, заснаваная на грунтоўным тэксталагічным даследаванні кананічных кніг Евангелляў, паказала, што звесткі пра цуды Хрыста маюць шмат агульнага з разнастайнымі тагачаснымі крыніцамі і магчыма скампанаваныя ў 2-3 ст. у перыяд узнікнення самой хрысціянскай царквы і афармлення яе веравызнання. Падобныя да евангельскага апісання жыцця Хрыста шматлікія міфы усходніх паганскіх рэлігій аб паміраючых і ўваскрасаючых багах, таксама прасочваюцца магчымыя запазычанні з сказанняў пра Майсея, Ісуса Навіна і іншых прароцтваў са Старога запавету. Прасочваючы гісторыю жыцця Хрыста, крытыка звярнула асаблівую ўвагу на розныя супярэчнасці, якія маюцца ў тэкстах кананічных евангелляў — адзначана, што аўтары кананічных евангелляў праявілі дрэннае веданне гісторыі і геаграфіі Палесціны пачатку н.э. Так, евангелісты сцвярджаюць, што нараджэнне Хрыста адбылося ў часы панавання іудзейскага цара Ірада, хоць апошні памёр у 4 да н.э. Недарэчнымі з'яўляюцца і ўпамінанні евангелістамі Назарэта, Капернаума і іншых гарадоў і мястэчак, якіх яшчэ не было ў 1 ст., калі, паводле сцверджання хрысціянскіх багасловаў, ствараліся тэксты кананічных евангелляў. Падобныя факты даюць падставу сцвярджаць, што кананічныя евангеллі ствараліся ў розны час і з'яўляюцца вынікам шматразовых перапрацовак, якія рабіліся ў працэсе барацьбы паміж рознымі сектамі і плынямі хрысціянства ў розных месцах.
Самым раннім па часе свайго ўзнікнення, відаць, трэба лічыць тэкст Евангелля ад Марка, паколькі ў ім ёсць намёкі на іудзейскае паўстанне 66-70-х гадоў. Час яго стварэння можна аднесці на 70-я гады. Кароткі тэкст гэтага Евангелля паслужыў крыніцай для евангелляў ад Мацвея і Лукі. Наяўнасць у яго тэксце значнай колькасці лацінізмаў дала падставу хрысціянскаму багаслову Кліменту Александрыйскаму (2-3 ст.) меркаваць, што напісана яно было за межамі Палесціны, магчыма, у Рыме. Узнікненне ж Евангелля ад Мацвея навуковая літаратура звязвае з Сірыяй, як і тэкст Евангелля ад Іаана, які, паводле царкоўнай традыцыі, чамусьці прывязваецца да Эфеса. Запісы ж Евангелля ад Лукі адносяцца да розных месцаў ад Кесарыі да Рыма. Тэксты кананічных евангелляў не былі перакладамі з арамейскай мовы, бо пісаліся на т. зв. кайнэ грэчаскай мовы эпохі элінізму. Самае апошняе па часе свайго напісання Евангелле ад Іаана адлюстравала ў сабе пэўныя рысы агнастыцызму, якія не ўласцівы тром іншым кананізаваным у 4 ст. хрысціянскай царквою евангеллям, яно пазбаўлена шматлікіх цудаў і больш рацыяналізаванае.
Евангелле // Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. Мн.: Беларусь, 2001. ISBN 985-01-0124-5. • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.133—134. ISBN 5-343-00151-3.