Базальт
З Вікіпедыя.
БАЗАЛЬТ – магматычная горная парода, адна з найбольш пашыраных у зямной кары.
Складаецца пераважна з плагіяклазу, піраксену, алівіну, вулканічнага шкла.
Характэрны цёмны колер. Структура горнай пароды парфірападобная ці шклістая. Шчыльнасць 2,52–2,97 г/см3. Тэмпература плаўлення 1000–1250 ºС.
Базальты займаюць агромістыя плошчы дна акіянаў і велізарныя тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў.
На Беларусі базальты выяўлены на паўднёвым захадзе, у Брэсцкай упадзіне.
Базальт выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прамысловасці, як будаўнічы і абліцовачны матэрыял.