Артышок
З Вікіпедыя.
АРТЫШОК (лац.: Cynara), род кветкавых раслін сямейства астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор'і і на Канарскіх астравах. У культуры 2 блізкія віды — Артышок кардон, або іспанскі (C. Cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. Scolymus). Як харчовыя, кармавыя і дэкаратыўныя расліны вырошчваюць у Паўднёвай Еўропе, на поўдні Расіі, на Украіне. Галоўныя сучасныя вытворцы – Францыя, Італія, Іспанія.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, вышыня 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыяметрам да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясісітым кветаложам (маюць да 4% бялку, 7—15% вугляводаў (да 12% цукру), 3—11% вітаміну С, 0,4 мг% каратыну, вітаміны В1 (0,18 мг % ) і В2, С - 5 мг %, правітамін А, інулін, мінеральныя і араматычныя рэчывы, 0,74 % клятчаткі, да 80% вады), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). Сырыя артышокі (перад ужываннем абдаюць кіпенем) выкарыстоўваюць у салатах. Суквецці артышока зрэзваюць да поўнага іх раскрыцця. Пасля адварвання ў салёнай вадзе іх можна есці з маслам або соўсам або падсмажваць у топленым або сметанковым масле і пасыпаць сухарамі або зелянінай. Выкарыстоўваюць таксама артышокі для прыгатавання розных соўсаў. Ядуць рукамі, з кветкі абламваюць па адным лістку, мачаюць ў соус і спажываюць. Калі лісткі з'едзеныя, з дапамогай відельца ядуць сцябло, неядомыя часткі кладуць на бераг сваёй талеркі.
Артышок вядомы як стымулявальны і дыўрэтычны лекавы сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму. Артышок карысны людзям сталага ўзросту і хворым атэрасклерозам, пакольку гліказыд цынарын, якім багата расліна, зніжае колькасць халестырыну ў крові і мае жоўча- і мачагонныя якасці.
Магчыма, вядомы ў Міжземнамор’і ўжо ў антычнасці. У 16 ст. пачалі пашырацца з Італіі па ўсёй Еўропе, магчыма, тады ж упершыню стаў вядомы сярод магнатэрыі Польшчы і ВКЛ дзякуючы атачэнню Боны Сфорцы, але ніколі не меў тут вялікай папулярнасці.
[правіць] Крыніцы
- Белы А. Артышок // Праект "Наша ежа"