See also ebooksgratis.com: no banners, no cookies, totally FREE.

CLASSICISTRANIERI HOME PAGE - YOUTUBE CHANNEL
Privacy Policy Cookie Policy Terms and Conditions
Linux — Вікіпедыя

Linux

З Вікіпедыя.

Афіцыйны сімвал Linux — вясёлы пінгвін
Афіцыйны сімвал Linux — вясёлы пінгвін

Linux (таксама вядомы як GNU/Linux), Unix-падобная камп'ютарная аперацыйная сістэма. Самы вядомы ўзор паспяховага праграмнага праекту з адкрытым крынічным кодам і свабоднай праграмы; у адрозненне ад закрытых аперацыйных сістэм, такіх як Windows ці Mac OS X, усе крынічныя коды гэтай аперацыйнай сістэмы поўнасцю адкрытыя для выкарыстання, мадыфікацый і распаўсюджвання.

Першапачаткова Linux распрацоўваўся і выкарыстоўваўся асобнымі аматарамі на сваіх персанальных камп'ютарах. Але з тых часоў адбылося шмат зменаў, і цяпер Linux падтрымліваюць такія вялікія карпарацыі, як IBM, Sun Microsystems, Hewlett-Packard і Novell, а таксама гэтую АС эфектыўна выкарыстоўваюць у сэрвернай сферы і, апошнім часам, як настольную аперацыйную сістэму. Linux выкарыстоўваюць і ў суперкамп'ютарах, і ў мабільных тэлефонах. Аналітыкі лічуць асноўнымі прычынамі поспеху гэтай аперацыйнай сістэмы яе бяспеку, нізкі кошт, свабоду выкарыстання і распаўсюджвання.

Змест

[правіць] Гісторыя

У 1983 Рычард Столман заснаваў Праект GNU, мэтай якога было стварэнне паўнавартаснай Unix-падобнай аперацыйнай сістэмы, якая б з'яўлялася да таго ж свабоднай. У пачатку 1990-ых гг., Праект GNU ужо меў амаль усе неабходныя складнікі гэтай сістэмы—бібліятэкі, кампілятары, тэкставыя рэдактары, Unix-падобную абалонку каманднага радка — акрамя галоўнага, ядра. Праект GNU пачаў распрацоўванне ядра Hurd у 1990, заснаванага на мікраядры Mach, але распрацоўка гэтай канцэпцыі цягнулася вельмі марудна.


Лінус Торвальдс, стваральнік ядра Linux
Лінус Торвальдс, стваральнік ядра Linux

Тым часам, у 1991, студэнт універсітэта Хельсінкі Лінус Торвальдс пачаў, спачатку як аматарскі праект, напісанне іншага ядра. Торвальдс на той час карыстаўся АС Minix, спрошчанай Unix-падобнай сістэмай, напісанай Танэнбаўмам у навуковых мэтах. Аднак Танэнбаўм не дазваляў іншым людзям змяняць сваю аперацыйную сістэму, і менавіта гэты факт прымусіў Торвальдса пачаць напісанне свайго ядра.

Спачатку Лінус назваў сваё ядро "Freax". Назву ж "Linux" прыдумаў Ары Лемке, адміністратар сэрвера FTP, на якім размяшчаліся першыя версіі ядра; ён даў гэты назоў тэчцы, з якой упершыню можна было сцягнуць файлы гэтага ядра.

Першапачаткова для настаўлення і ўстанаўлення Linux быў неабходны камп'ютар, які працаваў бы на Minix. Да таго ж, першыя версіі Linux не маглі загружацца з жорсткага дыску самастойна, без дапамогі іншай АС, аднак пазней былі напісаныя адмысловыя праграмы стартавання Linux. Сістэма Linux хутка пераўзышла Minix па функцыянальнасці; Торвальдс і іншыя першыя распрацоўнікі ядра Linux адаптавалі яго для працы з кампанентамі GNU, каб стварыць закончаную поўнафункцыянальную свабодную аперацыйную сістэму.

У наш час Торвальдс працягвае кіраваць распрацоўкай свайго "дзіцяці", у той жа час іншыя складнікі аперацыйнай сістэмы—кампаненты GNU—застаюцца асобнымі праектамі і распрацоўваюцца іншымі людзьмі (распрацоўка ядра Linux не з'яўляецца часткай Праекта GNU). Адмысловыя групы карыстальнікаў і камерцыйныя кампаніі аб'ядноўваюць усе неабходныя складнікі аперацыйнай сістэмы GNU/Linux і дастасоўныя праграмы ў дыстрыбутывы.


[правіць] Апаратныя платформы

Ядро Linux першапачаткова працавала толькі на мікрапрацэсарах Intel 80386, але цяпер яно падтрымлівае доўгі шэраг апаратных архітэктур. Linux—адна з самых пераносных аперацыйных сістэм, якая можа выконваецца і на кішэневых кампутарах на базе ARM-працэсараў, iPAQ, і на мэйнфрэймах IBM System z9. Адмысловыя дыстрыбутывы існуюць нават для рэдкіх апаратных платформаў.

[правіць] Правы капіявання, ліцэнзія, гандлёвая марка Linux

Ядро Linux і большасць праграм GNU распаўсюджваюцца на ўмовах ліцэнзіі GPL. Ліцэнзія GPL дазваляе змяняць праграму як заўгодна з той толькі ўмовай, што атрыманы зменены прадукт будзе таксама распаўсюджвацца на ўмовах гэтай ліцэнзіі. У 1997, Лінус Торвальдс сказаў, што "тое, што я пачаў распаўсюджваць Linux пад ліцэнзіяй GPL, стала адной з лепшых рэчаў, якія я калі-небудзь рабіў." Аднак некаторыя важныя складнікі аперацыйнай сістэмы Linux ужываюць іншыя ліцэнзіі; шматлікія бібліятэкі карыстаюцца ліцэнзіяй LGPL, менш патрабавальнай версіяй GPL, а Аконная сістэма X ужывае ліцэнзію MIT.

У ЗША назва Linux з'яўляецца гандлёвай маркай, зарэгістраванай на імя Лінуса Торвальдса.

[правіць] Вымаўленне

У 1992 Л.Торвальдс патлумачыў, як вымаўляецца слова Linux. З улікам беларускай фанетыкі яго трэба вымаўляць як "лінукс". Гукавы файл з запісам вымаўлення гэтага слова самім Торвальдсам можна знайсці тут.

[правіць] Linux і Праект GNU

Мэтай Праекту GNU ёсць напісанне Unix-падобнай аперацыйнай сістэмы, якая ю цалкам складалася са свабодых праграм. Большасць дыстрыбутываў Linux засноўваецца на свабодных праграмах, напісаных пад сцягам Праекту GNU. Фонд Свабодных Праграм разглядае гэтыя дыстрыбутывы як "варыянты" сістэмы GNU і патрабуе называць такія аперацыйныя сістэмы GNU/Linux ці сістэма GNU на аснове Linux. Хаця некаторыя дыстрыбутывы пагадзіліся з такой назвай, але большасць дыстрыбутываў не змяшчаюць літары "GNU" у сваіх назвах. Лінус Торвальдс назваў патрабаванне называць Linux-сістэмы словаспалучэннем-абрэвіятурай GNU/Linux "бязглуздзіцай".

[правіць] Судовыя справы SCO

У сакавіку 2003, SCO Group пачала судовую справу супраць IBM, абвінаваціўшы карпарацыю IBM у выдачы абароненага аўтарскім правам праграмнага коду SCO праекту распрацоўкі ядра Linux, што забаронена ліцэнзіяй на выкарыстанне Unix, якую дала SCO Group карпарацыі IBM. Прадстаўнікі SCO Group адправілі лісты ў шматлікія кампаніі, пагражаючы ім судовымі справамі за далейшае (незаконнае, на іх думку) выкарыстанне ядра Linux. Былі распачатыя справы супраць карпарацый DaimlerChrysler (справа закрытая ў 2004), AutoZone. З іншага боку, Red Hat, Novell і іншыя кампаніі таксама распачалі судовыя справы супраць SCO Group. Пад пытаннем цяпер нават правы SCO Group: карпарацыя Novell распачала судовую справу, аспрэчваючы правы SCO Group на гандлёвую марку Unix.

У сакавiку 2007 года SCO Group вынайшла 326 радкоў крынiчнага коду, якiя могуць быць аднесеныя да iнтэлектуальнай уласнасцi SCO, з больш як 70000 радкоў крынiчнага коду Linux, з iх 121 радок з'яўляецца стандартнай дырэктывай #define мовы праграмiравання C.

[правіць] Працэс распрацоўкі

Аперацыйная сістэма Linux вельмі хутка распрацоўваецца энтузіястамі з усяго свету. У 2001 годзе было праведзенае даследаванне праграмнага коду аперацыйнай сістэмы Red Hat Linux 7.1. Яно паказала, што каля 71% праграмнага коду гэтай аперацыйнай сістэмы напісана на С, але таксама выкарыстоўваліся іншыя мовы: C++, Lisp, Perl, Python, Ruby і г.д.

[правіць] Праграмнае асяроддзе

Gentoo Linux, KDE
Gentoo Linux, KDE

Гістарычна Linux выкарыстоўваўся як сэрверная аперацыйная сістэма, але яе нізкі кошт, пераноснасць і магутнасць Unix дапамаглі пашырыцца гэтай АС і на іншыя, раней неўласцівыя ёй задачы. Linux з'яўляецца адным з галоўных складнікаў канцэпцыі папулярнай сэрвернай платформы "LAMP" (Linux, Apache, MySQL, Perl/PHP/Python).

Дзякуючы нізкаму кошту і высокаму ўзроўню пераноснасці Linux часта выкарыстоўваюць у якасці базавай платформы для ўбудаваных сістэм, напрыклад, тэлебачання, мабільных тэлефонаў, кішэнных камп'ютараў. Linux з'яўляецца галоўным канкурэнтам Symbian OS у сферы мабільнай тэлефаніі, а таксама спрабуе заняць сваё пачэснае месца на рынку аперацыйных сісэтм для кішэнных камп'ютараў, ствараючы альтэрнатыву Windows CE і Palm OS.

Linux таксама шырока выкарыстоўваецца для стварэння прадуктаў аблслугоўвання сетак (брандмаўэр, роўтар) з-за яе нізкага кошту і стабільнасці працы.

Linux з'яўляецца самай распаўсюджанай аперацыйнай сістэмай для суперкамп'ютараў. У лістападзе 2005 у спісе наймагутнейшых суперкамп'ютараў свету TOP500 два найхутчэйшыя суперкамп'ютары свету працавалі на базе Linux. З 500 сістэм гэтага спіса, 371 (74.2%) выкарыстоўвалі розныя версіі Linux, у тым ліку сем з дзесяці найлепшых суперкамп'ютараў.

Відэакансоль Sony PlayStation 3, якая будзе пастаўленая на рынак у лістападзе 2006, будзе працаваць на аперацыйнай сістэме Linux. Sony да гэтага ўжо пастаўляла праграмны збор Linux, які кожны ўладальнік Sony Playstation 2 мог устанавіць на сваю кансоль. Распрацоўнікі гульняў, напрыклад, Atari і id Software, апошнім часам пачалі выпускаць версіі сваіх вядомых гульняў пад АС Linux.

[правіць] Дыстрыбутывы

Linux выкарыстоўваецца ў якасці аднаго са складнікаў дыстрыбутываў Linux. Дыстрыбутывы Linux ствараюцца камп'ютарнымі аматарамі, закрытымі супольнасцямі, камерцыйнымі і грамадскімі арганізацыямі па ўсім свеце. У склад дыстрыбутыва акрамя ядра Linux дадаюць сістэмныя і дастасоўныя праграмы, сістэму ўстаноўкі, інтэграваную сістэму кіравання ўстаноўленымі праграмамі і інш. Дыстрыбутывы ствараюць з абсалютна рознымі мэтамі: падтрымка адмысловай камп'ютарнай архітэктуры, лакалізацыя праграм, падтрымка праграм рэальнага часу выканання, для ўбудаваных сістэм і інш. Шмат дыстрыбутываў не ўтрымліваюць несвабодных кампанентаў, якія могуць замінаць свабоднаму распаўсюджванню і выкарыстанню праграм. На сайце [DistroWatch] заўсёды можна атрымаць інфармацыю пра бальшыню дыстрыбутываў.

Тыповы дыстрыбутыў агульнага прызначэння ўключае:

  1. ядро Linux;
  2. бібліятэкі і службовыя праграмы Праекту GNU;
  3. абалонкі каманднага радка;
  4. сістэму вокнаў X;
  5. адзін ці некалькі кіраўнікоў вокнаў (KDE, GNOME, Xfce і інш.);
  6. тысячы іншых праграмных прадуктаў: офісныя праграмы, кампілятары, тэкставыя рэдактары, навуковыя праграмы і інш.

[правіць] Linux на персанальным камп'ютары

Ubuntu Linux, Gnome
Ubuntu Linux, Gnome

Высокі ўзровень доступу да ўнутраных механізмаў працы Linux паспрыяў стварэнню міфу пра тэхнічную арыентацыю Linux у параўнанні з яго канкурэнтамі на персанальных камп'ютарах. Linux і іншыя свабодныя праграмы часта крытыкуюць за цяжкасці выкарыстання гэтых праграм.

Аднак у апошнія гады сітуацыя карэнна змянілася. Цяпер Linux-ам можна лёгка карыстацца, не ведаючы спецыфіку ўнутраных працэсаў гэтай АС, дзякуючы графічнаму інтэрфейсу карыстальніка, падобнаму на інтэрфейсы іншых аперацыйных сістэм. Хаця ў некаторых сферах для Linux яшчэ не створаныя паўнавартасныя аналагі спецыялізаваных праграм з іншых аперацыйных сістэм (гульні, мадэляванне), аднак большасць неабходных кожнаму карыстальніку праграм ужо напісана і эфектыўна выкарыстоўваецца. Да таго ж, шмат карпарацый абвесцілі пра падтрымку Linux у наступных версіях сваіх праграмных прадуктаў. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што Linux ужо амаль гатовы для паўсюднага выкарыстання і на персанальных камп'ютарах.

Хаця для Linux існуе шмат праграм для наладкі сістэмы, панэляў кіравання і інш., але дагэтуль вельмі актыўна падтрымліваюцца магчымасці наладкі сістэмы шляхам рэдагавання адпаведных тэкставых файлаў настаўлення.

[правіць] Рынак

Згодна з даследаваннямі рынку, якія правяла кампанія IDC, 25% сэрвераў і 2.8% настольных камп'ютараў працуюць пад кіраваннем Linux (2004). Рынак Linux хутка павялічваецца, а таму прагназуецца, што ў 2008 годзе рынак напісання і абслугоўвання праграмных прадуктаў для Linux дасягне 35.7 міліярдаў долараў.

[правіць] Устаноўка

Самы распаўсюджаны метад устаноўкі Linux на персанальны камп'ютар — устаноўка з аптычнага дыску CD-ROM. Звычайна вобразы такіх дыскаў можна свабодна сцягнуць з Сеціва і запісаць на свой носьбіт.

Некаторыя вытворцы камп'ютарнай тэхнікі пастаўляюць на рынак камп'ютары з ужо ўстаноўленай і наладжанай АС Linux. Сярод такіх вытворцаў можна выдзяліць Hewlett-Packard і Dell.

Альтэрнатывай устаноўкі стандартнай настольнай аперацыйнай сісэтмы з'яўляецца магчымасць устаноўкі на камп'ютары тонкага кліента. Гэты метад дазваляе загрузку аперацыйнай сістэмы з аднаго з сеткавых камп'ютараў. Такая загрузка змяншае каштарыс аднаго камп'ютарызаванага працоўнага месца.

Таксама даволі распаўсюджаная практыка загрузкі паўнавартаснай і гатовай для выкарыстання аперацыйнай сістэмы Linux з аптычнага дыску. Такую загрузку падтрымліваюць шматлікія дыстрыбутывы (Knoppix, Ubuntu Linux і інш.)

[правіць] Праграмаванне для Linux

Інтэграванае асяроддзе распрацоўкі KDevelop
Інтэграванае асяроддзе распрацоўкі KDevelop

Збор кампілятараў GNU (GCC) з'яўляецца стандартным для АС Linux. GCC падтрымлівае наступныя мовы праграмавання: C, C++, Java, Фартран і інш. Большасць дыстрыбутываў таксама падтрымліваюць інтэрпрэтатары Perl, Python. Апошнім часам распрацоўнікі дыстрыбутываў пачалі пастаўляць і кампілятар C# ад Праекта Mono.

Для Linux існуе шэраг інтэграваных асяроддзяў распрацоўкі, у тым ліку KDevelop, Anjuta, NetBeans, Eclipse, але ўсё роўна тэкставыя рэдактары Emacs і Vim застаюцца вельмі папулярнымі ў праграмісцкай супольнасці. Дзве асноўныя графічныя бібліятэкі стварэння інтэрфейсу для Linux: Qt і GTK+.

Акрамя свабодных кампілятараў і іншых праграм распрацоўкі існуюць і закрытыя, якія выпускаюць такія карпарацыі: Intel, PathScale і Група Portland.

[правіць] Тэхнічная падтрымка

Тэхнічную падтрымку карыстальнікаў Linux забяспечваюць камерцыйныя кампаніі і зацікаўленыя групы карыстальнікаў Linux.

Бізнэс-мадэль камерцыйных кампаній звычайна заключаецца ў атрыманні грошай за абслугоўванне сваіх дыстрыбутываў, якія распаўсюджваюцца бясплатна. Некаторыя дыстрыбутары таксама бяруць грошы за выкарыстанне сваіх дыстрыбутываў, а не толькі падтрымку. Яны дадаюць у дыстрыбутыў закрытыя праграмы і такім чынам абмяжоўваюць правы карыстальнікаў на распаўсюд.

[правіць] Спасылкі

Linux.org — найбольш поўная інфармацыя пра Linux.

Kernel.org — ядро Linux.

The Linux Documentation Project — Праект Дакументацыі Linux.

DistroWatch — поўны спіс існых дыстрыбутываў.


aa - ab - af - ak - als - am - an - ang - ar - arc - as - ast - av - ay - az - ba - bar - bat_smg - bcl - be - be_x_old - bg - bh - bi - bm - bn - bo - bpy - br - bs - bug - bxr - ca - cbk_zam - cdo - ce - ceb - ch - cho - chr - chy - co - cr - crh - cs - csb - cu - cv - cy - da - de - diq - dsb - dv - dz - ee - el - eml - en - eo - es - et - eu - ext - fa - ff - fi - fiu_vro - fj - fo - fr - frp - fur - fy - ga - gan - gd - gl - glk - gn - got - gu - gv - ha - hak - haw - he - hi - hif - ho - hr - hsb - ht - hu - hy - hz - ia - id - ie - ig - ii - ik - ilo - io - is - it - iu - ja - jbo - jv - ka - kaa - kab - kg - ki - kj - kk - kl - km - kn - ko - kr - ks - ksh - ku - kv - kw - ky - la - lad - lb - lbe - lg - li - lij - lmo - ln - lo - lt - lv - map_bms - mdf - mg - mh - mi - mk - ml - mn - mo - mr - mt - mus - my - myv - mzn - na - nah - nap - nds - nds_nl - ne - new - ng - nl - nn - no - nov - nrm - nv - ny - oc - om - or - os - pa - pag - pam - pap - pdc - pi - pih - pl - pms - ps - pt - qu - quality - rm - rmy - rn - ro - roa_rup - roa_tara - ru - rw - sa - sah - sc - scn - sco - sd - se - sg - sh - si - simple - sk - sl - sm - sn - so - sr - srn - ss - st - stq - su - sv - sw - szl - ta - te - tet - tg - th - ti - tk - tl - tlh - tn - to - tpi - tr - ts - tt - tum - tw - ty - udm - ug - uk - ur - uz - ve - vec - vi - vls - vo - wa - war - wo - wuu - xal - xh - yi - yo - za - zea - zh - zh_classical - zh_min_nan - zh_yue - zu -