Горад Навагрудак
З Вікіпедыя.
|
НАВАГРУДАК — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Навагрудскага раёна.
Змест |
[правіць] Паходжанне назвы
Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок і інш. сведчаць аб тым, што недзе непадалёк існаваў стары гарадскі цэнтр акругі, магчыма ім было гарадзішча Радагошча.[1] Традыцыйнае беларускае вымаўленне Наваградак пад уплывам польскага варыянта Nowogródek трансфармавалася ў сучасную назву Навагрудак.
[правіць] Гісторыя
Паводле археалагічных даследаванняў славянскае (Гл.далей Славянская каланізацыя) паселішча на тэрыторыі сучаснага Навагрудка ўзнікла ў канцы 10 ст., умацаванні да сяр. 11 ст.[2] Некаторыя даследчыкі лічаць за першую згадку Навагрудка ў пісьмовых крыніцах паведамленне пад 1044 пра будаўніцтва новага горада, якое на іх меркаванне звязана з паходам вял. кн. кіеўскага Яраслава Мудрага на Літвy[3], упершыню гэту версію прапанаў В. Тацішчаў. Хаця такая датыроўка заснавання горада і супадае з архелагічнымі дадзенымі, але з самых крыніц немагчыма зрабіць высновы, што маецца на ўвазе заснаванне Навагрудка, хутчэй мелася будаўніцтва новых умацаванняў у Ноўгарадзе.[4]
У 13—14 ст. Навагурдак — цэнтр удзельнага Новагародскага княства. Так, пад 1235 узгадваецца князь Ізяслаў Новагародскі. У кан. 1240-х - пач. 1250-х гадоў Навагрудак перайшоў пад уладу літоўскага князя Міндоўга, акалічнасці гэтага пераходу дасюль спрэчныя, князем і намеснікам свайго бацькі ў Навагрудку быў Міндоўгаў сын Войшалк. У гэты час быў пакладзены пачатак утварэнню ВКЛ, буйнейшым і адным з асноўных цэнтраў якога быў Навагрудак. Спрэчкі паміж Міндоўгам і яго літоўскімі родзічамі, што нашлі прытулак на Валыні, сталі падставай да пачатка вялікай вайны з Галіцка-Валынскім княствам, якое зрабіла некалькі буйных паходаў на горад, што прымусіла Міндоўга пайсці на саюз з Лівонскім (Інфлянцкім) ордэнам. У 1253 Міндоўга ад імя папы рымскага каранавалі як караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі ВКЛ), магчыма каранацыя магла адбыцца і ў Новагародку. Такая магчымасць дае падставу шэрагу гісторыкаў лічыць Новагародак першай сталіцай ВКЛ, але сумніўна ці была наогул сталіца ў тагачасным ВКЛ. У 1254 годзе Войшалк заключыў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў Навагрудак Раману Данілавічу. Пасля разрыву міру ў 1258 Войшалк зноў стаў князем Навагрудку, а пасля перадаў яго разам з усёй краінай Шварну.
На Навагрудак неаднаразова нападалі татары і іx саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў у 1250-я, 1274, 1276, 1277, а потым крыжаносцы ў 1314 (найбольш значная бітва), 1321, 1341, 1390, 1394. Як цэнтрам удзельнага княства Навагрудкам валодаў з 1329 Карыят, пасля 1358 яго сын Фёдар, з 1386 — Карыбут. 3 1392 Навагрудак — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена ВКЛ. У кан. 14 — пач. 15 ст. Вітаўт пасяліў у Навагрудку і яго наваколлі татар, у 1428 ён запісаў горад разам з навакольнымі вёскамі ў пажыццёвае ўладанне сваей жонцы Ульяне. У 1422 у Нагагрудку ў заснаваным Вітаўтам фарным касцёле адбыўся шлюб кар. польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў.
У 1316 Навагрудак стаў цэнтрам самастойнай Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву ВКЛ і Галіцыі. У 1415 у Навагрудку на саборы праваслаўных епіскапаў выбраны мітрапалітам Рыгор Цамблак. У студзені 1507 утворана Новагародскае ваяводства ВКЛ. 26.7.1511 Навагрудак атрымаў магдэбургскае права, якое пацвярджалася ў 1562, 1595 і 1776. У 1568 у горадзе было 10 цэркваў. Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб: у чырвоным полі выява архангела Mіxaілa, які трымае ў правай руцэ меч, а у левай — вагі.
Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкая кафедра стала ўніяцкай. У 16 ст. Навагрудак таксама адзін з цэнтраў Рэфapмaцыі. У 1597 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза даў мяшчанам Навагрудка прывілей на 2 кірмашы ў год на працягу 2 тыдняў на каталіцкія святы Тры Каралі і Троіцу. 3 1581 па 1775 у горадзе адбываліся пасяджэнні Галоўнага трыбунала ВКЛ. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад ваенных дзеянняў: у 1505–1506 ад крымскіх татар, у 1518 і 1534 у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ, у 1648 у ходзе антыфеадальнай вайны 1648—1651, у верасні 1655 узяты рускімі войскам кн. А.М. Трубяцкога ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667. У 1661 у сувязі з ваеннымі спусташэннямі горад вызвалены ад падаткаў на 4 гады.
У 1706 у Паўночную вайну (1700—1721) акупіраваны шведскім войскам, якоя разбурыла замак. У 16—18 ст. Навагрудак некалькі разоў пацярпеў ад пажараў (1578, 1599, 1613, 1652, найбольш моцны - у 1751, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы) і эпідэмій (1590, 1592, 1603, 1708). Ваенныя падзеі і прочыя катаклізмы прывялі горад да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У кан. 18 ст. у Навагрудку 3 уніяцкія царквы, 5 касцёлаў, 6 манастыроў, сінагога, мячэць. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 Навагурдак у складзе Расійскай імперыі. Па ўмовах Рыжскага міру 1921 перададзены Польскай дзяржаве, з верасня 1939 - у складзе Беларускай ССР (з 1991 - Рэспубліка Беларусь).
[правіць] Дэмаграфія
[правіць] У Сеціве
Шаблон:Навагрудскі раён