Скульптура
З Вікіпедыя.
Скульптура, пластыка ( лац.: sculpo — выразаю, высякаю) — від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць аб’ёмную, трохмерную форму і выконваюцца высяканнем, выразаннем, лепкай, коўкай, ліццём ці іншым спосабам з цвёрдых ці пластычных матэрыялаў (камень, метал, дрэва, гліна і інш.). Мастацка-выразнымі сродкамі скульптуры з’яўляюцца пабудова аб’ёмнай формы, пластычная мадэліроўка (лепка), распрацоўка сілуэта, фактуры, часам колеру.
Змест |
[правіць] Гісторыя
Раннія формы і віды скульптуры існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У асобны від творчай дзейнасці са сваімі спецыфічнымі задачамі скульптура выкрышталізавалася ў перыяд існавання першых цывілізацый свету (Старажытны Егіпет, Месапатамія). У эпоху антычнасці скульптура дасягнула росквіту ў культуры Старажытнай Грэцыі (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет і інш.).
Культавая скульптура эпохі Сярэднявечча ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. Увасабленне ідэалаў гуманізму эпохі Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Мікеланджэла, К. Слютэра, А. Крафта і інш. У 17–20 ст. скульптура развівалася ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў (маньерызм, барока, класіцызм, рамантызм, мадэрн, імпрэсіянізм, постмадэрнізм і інш.). Сярод найбольш вядомых скульптараў мінулых стагоддзяў Дж. Л. Берніні, А. Канова, Б. Торвальдсэн, Ж. А. Гудон, Б. К. Растрэлі, І. Мартас, А. Радэн, Г. Арп, Г.Мур, Ф. Крэмер і інш.
[правіць] Віды скульптуры
Выдзяляюць наступныя віды скульптуры:
- круглая (статуя, бюст, група)
- плоская (рэльеф)
- манументальная (помнікі, манументы)
- манументальна-дэкаратыўная (архітэктурны дэкор, садова-паркавая)
- станковая (выконваецца на спецыяльным станку).
[правіць] Скульптура ў Беларусі
На тэрыторыі Беларусі найбольш раннія помнікі скульптуры, знойдзеныя пры раскопках на стаянцы Асавец і звязаныя з культам продкаў, адносяцца да каменнага веку. У пачатку 10 ст. былі створаны мініяцюрныя касцяныя фігуркі птушак і жывёл, а таксама шклоўскі ідал. У 12–13 ст. былі зроблены знойдзеныя ў Полацку, Мінску, Тураве, Пінску каменныя і шыферныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. У наступныя стагоддзі творы скульптуры вызначаліся манументальнай трактоўкай формы, выцягнутымі прапорцыямі фігур. Шмат майстроў-разбяроў — выхадцаў з Беларусі — у 17 ст. працавала ў Расійскай дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы высокамастацкай разьбой па дрэве. Захавалася нямала ўзораў культавай скульптуры стылю барока 17–18 ст. у касцёлах і уніяцкіх храмах Беларусі. У 17–18 ст. узнікла свецкая скульптура (бюсты магнатаў, гістарычных дзеячаў). 3 канца 18 ст. пачаў развівацца класіцызм (рысы якога заўважаюцца ў творчасці К. Ельскага), пазней рэалізм (В. Смакоўскі, Р. Слізень). Рысы мадэрнізму ўласцівы творам Я. Тышынскага, І. Багушэўскага, В. Бубноўскага і інш. У савецкі перыяд скульптары стваралі партрэты, помнікі дзеячам рэвалюцыйнага руху, гісторыі і культуры, партыйным кіраўнікам, партызанам і інш.
У манументальнай скульптуры вылучаюцца шматфігурныя гарэльефы для Манументу Перамогі ў Мінску (З. Азгур, А. Бембель, А. Глебаў, С. Селіханаў), рэльефы на Кургане Славы, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (А. Бембель, А. Кібальнікаў), Хатынь (С. Селіханаў). У Мінску створаны помнікі Я. Купалу (Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. 3аспіцкі), Я. Коласу (З. Азгур), а ў Полацку — Ф. Скарыне (А. Глебаў) і інш.
[правіць] Крыніцы
Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э.С. Дубянецкі; Маст. А.А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл ISBN 985-11-0277-6