See also ebooksgratis.com: no banners, no cookies, totally FREE.

CLASSICISTRANIERI HOME PAGE - YOUTUBE CHANNEL
Privacy Policy Cookie Policy Terms and Conditions
Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора — Вікіпедыя

Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора

З Вікіпедыя.

Выява:Flag of NATO.svg
Эмблема НАТО

Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора[1], НАТО[2] (англ.: North Atlantic Treaty Organisation, NATO; таксама фр.: l'Organisation du Traité de l'Atlantique Nord, OTAN), ваенна-палітычная арганізацыя краін Паўночнай Амерыкі і Еўропы, створаная на падставе Паўночнаатлантычнага дагавора (4 красавіка 1949, Вашынгтон). Забяспечвае калектыўную абарону краін-членаў.

Змест

[правіць] Гісторыя

Краіны-члены НАТО
Краіны-члены НАТО
Ход пашырэння НАТО
Ход пашырэння НАТО

Антыгітлераўская кааліцыя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. распалася практычна адразу пасля перамогі ў Другой сусветнай вайне. Былыя саюзнікі распачалі перадзел свету на сферы ўплыву і прыступілі да рэалізацыі мер па ваенна-палітычнаму замацаванню сваіх партыкулярных поспехаў.

17 сакавіка 1948 пяць заходнееўрапейскіх краін — Бельгія, Вялiкабрытанiя, Люксембург, Нідэрланды i Францыя — падпісалі Брусельскі дагавор, на падставе якога яны стварылі субрэгіянальную сістэму калектыўнай абароны — Заходнееўрапейскі саюз. Паралельна ім СССР і сацыялістычныя краіны Усходняй Еўропы заключылі паміж сабой дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Заходнееўрапейцы пайшлі далей і пачалі абмеркаванне з ЗША і Канадай праекту Паўночнаатлантычнага ваенна-палітычнага альянсу, запрасіўшы да ўдзелу ў гэтым працэсе шэраг іншых краін Заходняй ЕўропыДанію, Ісландыю, Італію, Нарвегію i Партугалію. Перамовы завяршыліся падпісаннем у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 дагавора памiж гэтымi дванаццаццю краiнамi. У 1952 да яго далучыліся Грэцыя i Турцыя, у 1955ФРГ1990 — дзеянне дагавора пашырылася на тэрыторыю былой ГДР), у 1982Іспанія, у 1999Венгрыя, Польшча, Чэхія, у 2004Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, Эстонія. Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Албаніяй, Харватыяй, Македоніяй, Грузіяй, Чарнагорыяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай.

СССР у 1954 прапанаваў сябе ў якасці магчымага ўдзельніка НАТО дзеля захавання міру і адзінства ў Еўропе, але члены арганізацыі адверглі савецкую ініцыятыву. У выніку ў 1955 СССР са сваімі ўсходнеўрапейскімі саюзнікамі, каб зменшыць пагрозу з боку аб'яднанага Захаду, стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавора.

У 1958 НАТО сутыкнулася з першым вялікім унутраным крызісам. Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь выступіў супраць гегемоніі ЗША ў справах Заходняй Еўропы. У прыватнасці, ён падверг крытыцы асаблівыя адносіны ЗША і Вялікабрытаніі, прапанаваўшы замест гэтага аформіць трохбаковы дырэктарат з роўнымі палітычнымі правамі Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Атрымаўшы адмову, дэ Голь пачаў вывад сваёй краіны з НАТО. У наступныя гады штаб-кватэра НАТО і камандаванне аб'яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО ў Еўропе былі пераведзены з Парыжа адпаведна ў Брусель і Монс (Бельгія), амерыканскія ваенныя базы на французскай тэрыторыі былі закрытыя, Францыя распачала ўласную праграму стварэння ядзернай зброі і пакінула (часова, з 1966 па 1995) ваенную арганізацыю НАТО.

У 1974 з ваеннай арганізацыі НАТО выйшла Грэцыя, пратэстуючы супраць турэцкага ўварвання на Кіпр (вярнулася ў 1980).

Ва ўмовах блокавага супрацьстаяння, калі на ўліку была кожная краіна, выкарыстоўваліся любыя магчымасці для пашырэння альянсу: інтэгравалі ў НАТО дэнацыфікаваную Заходнюю Германію і постфранкісцкую Іспанію, вялі работу з нейтральнымі краінамі з мэтай пераканаць іх адмовіцца ад свайго статусу. Разгорнуты комплекс сакрэтных аперацый ваенных і палітычных разведак краін НАТО па падрыхтоўцы партызан на выпадак савецкай акупацыі паставіў пад кантроль палітычнае і грамадскае жыццё шэрагу краін Заходняй Еўропы, у прыватнасці не дапусціў прыход да ўлады левых сіл у Італіі (аперацыя «Гладыё»).

НАТО з самага пачатку праектавалася для ўдзелу ў глабальнай міжблокавай вайне, адпаведна былі адбудаваны яе палітычная і ваенная структуры. На практыцы выкарыстоўваліся асобныя магчымасці НАТО (пераважна, абмен разведінфармацыяй) пры вырашэнні яе членамі менш маштабных задач (канфлікт вакол Фалклендскіх астравоў, Паўночнаірландскі канфлікт і г.д.).

Шматлікія ж непаразуменні і спрэчкі паміж членамі НАТО вырашаліся без яе удзелу (у двухбаковым парадку ці пры пасрэдніцтве ААН), што пацвярджае характар НАТО як арганізацыі менавіта калектыўнай абароны, а не калектыўнай бяспекі.

На працягу «халоднай вайны» асноўным праціўнікам НАТО была Арганізацыя Варшаўскага дагавора. Ліквідацыя апошняй у 1991 прывяла да т. зв. «крызісу ідэнтычнасці» НАТО, звязанага з пошукам абгрунтавання неабходнасці захавання арганізацыі, з якога яна выйшла ў сярэдзіне 1990-х, умяшаўшыся ў канфлікты на Балканах, спачатку пад эгідай ААН, а потым самастойна.

[правіць] Юрыдычная прырода

Сутнаснае прызначэнне НАТО — забеспячэнне бяспекі дзяржаў-членаў ва ўсiх сферах у адпаведнасцi з асноўнымі прынцыпамi міжнароднага права. Фундаментальны прынцып дзейнасцi арганізацыі — супрацоўнiцтва i ўзаемадзеянне суверэнных дзяржаў, заснаванае на непадзельнасцi бяспекi. НАТО падтрымлівае т. зв. трансатлантычную сувязь, пры якой бяспека Паўночнай Амерыкi непасрэдна звязана з бяспекай Еўропы.

З прававога пункту гледжання, НАТО — мiжнародная (мiжурадавая) арганiзацыя. Узяўшы за аснову дактрынальнае азначэнне мiжнароднай арганiзацыi як аб‘яднання дзяржаў, створанага на падставе мiжнароднага дагавора для выканання пэўных мэт, якое мае адпаведную сiстэму органаў, валодае правамi i абавязкамi, адрознымi ад правоў i абавязкаў дзяржаў-членаў, i заснаванае ў адпаведнасцi з мiжнародным правам, можна, такiм чынам, гаварыць аб наступных пяцi прыкметах, якiя складаюць паняцце мiжнароднай арганiзацыi з юрыдычнага погляду: дагаворная аснова; наяўнасць пэўных мэт; адпаведная арганiзацыйная структура; самастойныя правы i абавязкi; заснаванне ў адпаведнасцi з мiжнародным правам.

1. Дагаворная аснова (канвенцыйны базiс) Паўночнаатлантычнага альянсу прадстаўлена Вашынгтонскiм дагаворам 1949 i чатырнаццаццю пагадненнямi — 1952 (два), 1955, 1980, 1999 (тры) і 2004 (сем пагадненняў) гадоў — аб далучэннi Грэцыi, Турцыi, ФРГ, Iспанii, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Латвіі, Літвы, Румыніі, Славакіі, Славеніі і Эстоніі да НATO. Суб‘ектамi дагавора з‘яўляюцца дзяржавы. Гэта вызначае юрыдычную прыроду мiжнароднай арганiзацыi, сведчыць аб яе мiждзяржаўным характары, адрознiваючы тым самым ад міжнародных няўрадавых арганiзацый.

2. Наяўнасць пэўных мэт — важная прыкмета ў вызначэннi правамернага характару мiжнароднай арганiзацыi, яе арганiзацыйнай структуры, кампетэнцыi, якой надзеленая арганiзацыя. НATO стваралася, каб аб‘яднаць намаганнi краiн-членаў для калектыўнай абароны i захавання мiру i бяспекi. Заключаны ў адпаведнасцi са Статутам ААН Паўночнаатлантычны пакт ставiць перад НATO i мэты Аб‘яднаных Нацый, зафiксаваныя ў прэамбуле i арт. 1 Статута: вызвалiць наступныя пакаленнi ад бедстваў вайны, пацвердзiць веру ў асноўныя правы чалавека i ў роўнасць правоў вялiкiх i малых нацый, стварыць умовы, пры якiх могуць захоўвацца справядлiвасць i павага да абавязацельстваў, што вынiкаюць з дагавораў i iншых крынiц мiжнароднага права, садзейнiчаць сацыяльнаму прагрэсу i паляпшэнню ўмоў жыцця пры большай волi, ажыццяўляць мiжнароднае супрацоўнiцтва ў вырашэннi міжнародных праблем эканамiчнага, сацыяльнага, культурнага i гуманiтарнага характару, падтрымлiваць мiжнародны мiр i бяспеку i з гэтай мэтай прадпрымаць эфектыўныя калектыўныя меры для прадухiлення i спынення пагрозы мiру i падаўлення актаў агрэсii цi iншых парушэнняў мiру.

3. Як правіла, аснову сiстэмы органаў мiжнароднай арганiзацыi складаюць наступныя вiды органаў: 1) вышэйшы, 2) выканаўчы, 3) адмiнiстрацыйны, 4) спецыяльныя камiтэты i камiсii. Структура НATO не адпавядае гэтай сiстэме, характэрнай для большасцi сучасных міжнародных арганiзацый, i больш нагадвае сiстэму органаў ААН з яе галоўнымi i дапаможнымi органамi. Дагавор устанаўлiвае стварэнне Савета i дапаможных органаў, з якiх першым будзе створаны Камiтэт абароны. Такiм чынам, Савет (Паўночнаатлантычны савет) — вышэйшы орган НАТО. У выканаўчым органе, якi заклiканы кiраваць арганiзацыяй памiж сесiямi вышэйшага органа, НATO не мае патрэбы. Паняцце сесiйнасцi тут умоўнае, таму што ёсць магчымасць збiраць прадстаўнiкоў дзяржаў-членаў у любы момант (пры тым, што i ў звычайных умовах яны сустракаюцца не радзей за адзiн раз на тыдзень). Функцыi, якiя, як правiла, выконваюць вынканаўчыя органы, — забеспячэнне эфектыўнасцi дзейнасцi мiжнароднай арганiзацыi, ажыццяўленне сувязi з дзяржавамi-членамi i iншымi мiжнароднымi арганiзацыямi, складанне бюджэту арганiзацыi, падрыхтоўка павесткi дня пасяджэнняў вышэйшага органа i разгляд пытанняў персаналу — у асноўным перададзены Мiжнароднаму сакратарыяту НATO. Мiж тым, у большасцi міжнародных арганiзацый сакратарыят — орган адмiнiстрацыйны.

4. НАТО мае самастойныя правы i абавязкi, адрозныя ад правоў i абавязкаў дзяржаў-членаў. Ва ўстаноўчым акце мiжнароднай арганiзацыi асобныя артыкулы адрасаваны непасрэдна дзяржавам-членам, iншыя — мiжнароднай арганiзацыi, у асобе яе органаў. У арт. 8 Вашынгтонскага дагавора абвешчана, што

«кожны бок, якi дамаўляецца, заяўляе, што нi адно з міжнародных пагадненняў, якiя маюць у цяперашнi час сiлу, памiж iм i любым iншым бокам, якi дамаўляецца, не знаходзiцца ў супярэчнасцi з палажэннямi гэтага дагавора, i абавязуецца не прымаць нiякага мiжнароднага абавязацельства, якое супярэчыць гэтаму дагавору».

Арт. 9 дагавора, наадварот, звернуты непасрэдна да арганiзацыi:

«Савет створыць такiя дапаможныя органы, якiя могуць аказацца неабходнымi, у прыватнасцi, ён неадкладна створыць Камiтэт абароны, якi будзе рэкамендаваць меры для прымянення артыкулаў 3 i 5».

Магчымасць мiжнароднай арганiзацыi мець самастойныя правы i абавязкi, асобныя ад правоў i абавязкаў дзяржаў-членаў, фармiруе арганiзацыю як суб‘екта мiжнароднага права, якi валодае сваёй прававой воляй i правы якога непасрэдна звязаныя з мiжнароднай правасуб‘ектнасцю. Да такiх правоў належаць права на заключэне міжнародных пагадненняў, права на прывiлеi i iмунiтэты, права на прадстаўнiцтва i iншыя правы, звязаныя з мiжнароднай правасуб‘ектнасцю. Вонкава мiжнародная арганiзацыя, у тым лiку i НATO, выступае самастойна, як адзiнае цэлае, прадстаўленае генеральным сакратаром арганiзацыi.

5. Пад заснаваннем ў адпаведнасцi з мiжнародным правам разумеецца правамерны характар мiжнароднай арганiзацыi, неабходнасць адпаведнасцi яе статута i дзейнасцi агульнапрызнаным прынцыпам i нормам мiжнароднага права i, перш за ўсё, нормам jus cogens у сэнсе арт. 53 Венскай канвенцыi аб праве міжнародных дагавораў 1969. Лічыцца, што імператыўнымі нормамi jus cogens з‘яўляюцца прынцыпы Статута ААН, а Паўночнаатлантычны пакт у цэлым тэкстуальна сумяшчальны са Статутам ААН. У той жа час, не адпавядаюць главе VIII Статута ААН палажэнні Вашынгтонскага дагавора аб яго тэрытарыяльнай сферы дзеяння: некалькі кантынентаў і велізарныя прасторы Сусветнага акіяна. НАТО таксама не выконвае арганізацыйна-прававых мер, якія накладаюцца на яе, як на рэгіянальную арганізацыю ў адпаведнасці з главой VIII, але працягвае настойваць на гэтым статусе, каб мець магчымасць ажыццяўляць прымусовыя дзеянні адносна іншых дзяржаў, як у выпадку з легітымацыяй агрэсіі НАТО супраць Югаславіі.

[правіць] Арганізацыйная структура

  • Паўночнаатлантычны савет (англ.: The North Atlantic Council, NAC), вышэйшы палітычны орган НАТО, складаецца з пастаянных прадстаўнiкоў (у рангу пасла) усiх краiн-членаў, якiя праводзяць пасяджэнні як мiнiмум раз на тыдзень. Савет таксама збiраецца на міністэрскім і на вышэйшым узроўнях, але, у любым выпадку, ён мае аднолькавыя паўнамоцтвы ў прыняццi рашэнняў, незалежна ад узроўню, на якiм гэта было зроблена. Рашэнні прымаюцца на аснове кансенсусу. Старшынствуе на пасяджэннях Генеральны сакратар НАТО.

Савет — адзiны орган, стварэнне якога прама прадугледжана тэкстам Паўночнаатлантычнага дагавора. Савет надзелены паўнамоцтвамi ўтвараць дадатковыя органы. Так былi створаны камiтэты i планавыя групы для забеспячэння работы Савета i падрыхтоўкi рэкамендацый ў спецыяльных галiнах.

Пытаннi, якiя разглядае Савет, датычацца ўсiх аспектаў дзейнасцi арганiзацыi i, звычайна, засноўваюцца на дакладах i рэкамендацыях, якія рыхтуюцца па запыту Савета нiжэйшымi камiтэтамi. Пытаннi таксама могуць быць паднятыя нацыянальнымi пастаяннымi прадстаўнiкамi цi Генеральным сакратаром.

  • Камiтэт планавання абароны (англ.: Defence Planning Committee, DPC), палітыка-ваенны орган НАТО, звычайна складаецца з пастаянных прадстаўнiкоў усіх краін-членаў акрамя Францыі, і як мiнiмум двойчы на год склiкаецца на ўзроўнi мiнiстраў абароны i разглядае пытаннi, звязаныя з сумесным абарончым планаваннем. Камiтэт планавання абароны забяспечвае кiраванне ваеннымi структурамi НATO i, у межах сваёй кампетэнцыi, мае тыя функцыi i паўнамоцтвы, што i Паўночнаатлантычны савет ў межах яго кампетэнцыi.
  • Група ядзернага планавання (англ.: Nuclear Planning Group, NPG), асноўны орган для кансультацый па ўсiх пытаннях, што адносяцца да ролi ядзерных сіл у палiтыцы бяспекi i абароны НАТО. У групе ўдзельнiчаюць усе краiны-члены за выключэннем Францыi. Ісландыя ўдзельнiчае як назiральнiк. Група, як правiла, збiраецца два разы на год на ўзроўнi мiнiстраў абароны, звычайна разам з Камiтэтам планавання абароны, а таксама на ўзроўнi паслоў — па меры неабходнасцi.
  • Генеральны сакратар (англ.: The Secretary General), вышэйшая службовая асоба НATO. Ён адказвае за арганiзацыю i кiраўнiцтва працэсам кансультацый i выпрацоўкi рашэнняў у Паўночнаатлантычным альянсе. Узначальвае пасяджэнні Паўночнаатлантычнага савета, Камiтэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання, iншых галоўных камiтэтаў. Ён дзейнiчае як галоўны афiцыйны прадстаўнiк (англ.: principal spokesman) арганiзацыi у яе знешнiх стасунках. Генеральнаму сакратару падпарадкаваны Мiжнародны сакратарыят. З 2004 пасаду Генеральнага сакратара займае Яап дэ Хооп Схефер (Нідэрланды).

Пад непасрэдным кiраўнiцтвам Генеральнага сакратара знаходзяцца Кабiнет (англ.: Private Office) i Адмiнiстрацыя (англ.: Office of the Secretary General) Генеральнага сакратара. Кабiнет дапамагае Генеральнаму сакратару i яго намеснiку (якi кiруе шэрагам рабочых груп) па ўсiх аспектах iх працы. У яго штаце знаходзяцца юрысконсульт i спецыяльны саветнік па справах Цэнтральнай i Усходняй Еўропы.

Адмiнiстрацыя Генеральнага сакратара складаецца з Выканаўчага сакратарыята, Упраўлення iнфармацыi i прэсы i Службы бяспекi НATO. Выканаўчы сакратарыят (англ.: Executive Secretariat) забяспечвае функцыянаванне Савета НATO, Савета Еўра-атлантычнага партнёрства, Камiтэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання i ўсiх структур, утвораных вышэйназванымi органамi. На Выканаўчы сакратарыят ускладзена i адмiнiстрацыйнае забеспячэнне праграмы «Партнёрства дзеля міру».

Упраўленне iнфармацыi i прэсы (англ.: Office of Information and Press) складаецца са Службы СМI (англ.: Press and Media Service) i Інфармацыйнай службы (англ.: Information Service). Дырэктар Упраўлення ўзначальвае таксама Камiтэт па iнфармацыi i культурных сувязях (англ.: the Commitee on Information and Cultural Relations).

Служба бяспекi НATO (англ.: NATO Office of Security) каардынуе i ажыццяўляе палiтыку ўнутранай бяспекi НATO. Дырэктар службы — галоўны саветнік Генеральнага сакратара па пытаннях бяспекi i старшыня Камiтэта НATO па бяспецы (англ.: NATO Security Committee). Ён кiруе Службай бяспекi штаб-кватэры i адказвае за ўсеагульную бяспеку ў блоку.

  • Мiжнародны сакратарыят (англ.: International Staff) забяспечвае дзейнасць Савета НATO i яго камiтэтаў. Мiжнародны сакратарыят складаецца з Адмiнiстрацыi Генеральнага сакратара, пяцi аддзелаў (палiтычны, планавання i палiтыкi абароны, матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння абароны, iнфраструктуры i планавання выкарыстання цывiльных служб пры надзвычайным становiшчы, па навуцы i навакольным асяроддзi), кiраўнiцтва справамi i кабiнета фiнансавага кантралёра. Кожны з аддзелаў узначальваеца памочнiкам генеральнага сакратара. Акрамя таго, Мiжнародны сакрарыят — гэта некалькi цывiльных агенцтваў i арганiзацый, размешчаных у розных краiнах-членах. Гэтыя арганiзацыi працуюць па спецыяльных накiрунках, такiх, як камунiкацыi цi тылавое забеспячэнне.

Персанал Мiжнароднага сакратарыята набiраецца непасрэдна арганiзацыяй альбо па накіраваннях ўрадаў краiн-членаў тэрмiнам на тры—чатыры гады. Супрацоўнiкi мiжнароднага сакратарыята адказныя перад Генеральным сакратаром i абавязваюцца захоўваць поўную лаяльнасць арганiзацыi на ўвесь час знаходжання на пасадзе.

  • Ваенны камiтэт (англ.: Military Committee), вышэйшы ваенны орган НАТО, дае палiтычным уладам блока рэкамендацыi па ваенных пытаннях дзейнасцi ў зоне адказнасцi НATO, забяспечвае Галоўнаму камандаванню НATO магчымасць выканання сваiх функцый. Знаходзiцца пад палiтычным кіраўніцтвам Паўночнаатлантычнага савета i Камiтэта планавання абароны, а калi закранаюцца ядзерныя пытаннi, то i Групы ядзернага планавання. Камiтэт складаецца з начальнiкаў штабаў кожнай краiны-члена (у тым лiку, i Францыi, якая да 1996 года была прадстаўлена вайсковай мiсiяй у Ваенным камiтэце). Ісландыя не мае ўзброеных сiл, але можа быць прадстаўлена цывiльнай асобай. Начальнiкi штабаў сустракаюцца не радзей, як два разы на год. У астатнi час краiны прадстаўлены нацыянальнымi ваеннымi прадстаўнiкамi, што прызначаюца начальнiкамi штабаў.
  • Інтэграваная вайсковая структура (англ.: Integrated Military Structure) знаходзiцца пад палiтычным кантролем i бягучым кiраўнiцтвам вышэйшага ўзроўню. Яе прызначэнне — у забеспячэннi арганiзацыйных рамак абароны тэрыторый краiн-членаў ад знешніх пагроз. Яна ўключае ў сябе сетку вайсковага камандавання, што пакрывае ўсю Паўночнаатлантычную зону.

НATO мае два галоўных цэнтра камандавання — Саюзнае камандаванне аб‘яднаных ўзброеных сiл у Еўропе (англ.: Supreme Allied Commander Europe, SACEUR), размешчанае ў так званым ШЭЙПе (англ.: SHAPE — Supreme Headquarters Allied Powers Europe), непадалёку ад Монса (Бельгія), i Саюзнае камандаванне аб‘яднаных узброеных сiл у зоне Атлантычнага акiяна (англ.: Supreme Allied Commander Atlantic, SACLANT) у Норфалку (штат Вiрджынiя, ЗША). Iснуе таксама Рэгiянальная стратэгiчная група Канады—ЗША (англ.: Canada—U.S. Regional Planning Group, CUSRPG), размешчаная ў Арлiнгтоне (ЗША), якой даручана каардынаваць планаванне абароны Паўночнай Амерыкi.

  • Мiжнародны ваенны штаб (англ.: International Military Staff) забяспечвае дзейнасць Ваеннага камiтэта i арганiзуе выкананне яго рашэнняў. Супрацоўнiкi Міжнароднага ваеннага штаба маюць такi ж статус у арганiзацыi, як i супрацоўнiкi Мiжнароднага сакратарыята, але падпадаюць пад адмiнiстрацыйную ўладу начальніка штаба альбо кiраўнiка самастойнага агенцтва НАТО, у якiм яны непасрэдна працуюць. Начальнік Мiжнароднага ваеннага штаба выбiраецца Ваенным камiтэтам i можа быць прадстаўнiком любой краiны, але мець адрознае грамадзянства ад старшынi Ваеннага камітэта.

У арганiзацыйным плане Мiжнародны ваенны штаб падраздзяляецца на наступныя аддзелы: разведкi, планавання i палiтыкi, аперацый, матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння, сувязi i сiстэм iнфармацыi, узбраенняў i стандартызацыi. Пры начальніку Міжнароднага ваеннага штаба створаны Сiтуацыйны цэнтр НATO (англ.: NATO Situation Centre), прызначаны дапамагаць Паўночнаатлантычнаму савету, Камiтэту планавання абароны i Ваеннаму камiтэту ў выкананнi iмi сваiх функцый у крызісныя перыяды. Цэнтр кругласутачна назiрае за палiтычным, ваенным i эканамiчным станам у сферах, якiя цiкавяць НATO, наглядае i абслугоўвае сiстэмы сувязi НATO, забяспечвае магчымасцi для хуткай арганiзацыi кансультацый i камандных дзеянняў падчас перыядаў напружанасцi.

Пасля абвешчаных пасля студзеньскага 1994 самiту iнiцыятыў Паўночнаатлантычны савет заснаваў некалькi дадатковых структур, якiя дапамагаюць НATO у выкананнi яе новых задач.

Камiтэт палiтыка-вайсковага кiравання па праграме «Партнёрства дзеля міру» (англ.: Political-Military Steering Committee on Partnership for Pease, PMSE) з‘яўляецца важнейшым рабочым форумам «Партнёрства». Ён збiраецца ў розных канфiгурацыях: гэта i сустрэчы з асобнымi краiнамi-партнёрамi, i з усiмi краiнамi—ўдзельніцамі Савета Еўра-атлантычнага партнёрства.

Сумесны камiтэт па праблеме распаўсюджвання зброi (англ.: Joint Committee on Proliferation, JCP) распрацоўвае супольную палiтыку ў галiне распаўсюджвання ўзбраенняў i з‘яўляецца палiтычным форумам для кансультацый па гэтай праблеме.

Часовая група каардынавання палiтыкi (англ.: Provisional Policy Coordination Group, PPCG) працуе над праблемай падтрымання мiру i над тым, як павысіць эфектыўнасць НATO ў гэтай галiне, распрацоўвае канцэпцыю аб‘яднаных тактычных войскаў. Група адказвае за супрацоўнiцтва з Заходнееўрапейскiм Саюзам.

  • Большасць з арганізацыйных структур НАТО размешчана ў яе штаб-кватэры. Штаб-кватэра NATO (англ.: the NATO Headquarters) у Бруселi з‘яўляецца палiтычным цэнтрам Альянсу i пастаянным месцам знаходжання Паўночнаатлантычнага савета. Тут размяшчаюцца пастаянныя прадстаўнiцтвы дзяржаў-членаў, Генеральны сакратар i Мiжнародны сакратарыят, нацыянальныя вайсковыя прадстаўнiцтвы, старшыня Ваеннага камiтэта i Мiжнародны вайсковы штаб i шмат якiх агенцтваў НATO.

Каля 4 тысяч чалавек працуюць у штаб-кватэры NATO на поўнай стаўцы. З iх больш за 2000 — члены нацыянальных прадстаўнiцтваў пры НATO. Прыкладна тысячу чалавек налiчвае Мiжнародны сакратарыят i да 500 — Мiжнародны ваенны штаб.

  • У дадатак да апісаных вышэй камандных структур iснуе шэраг ваенных агенцтваў, даследчых і навучальных устаноў, падпарадкаваных Ваеннаму камiтэту або вярхоўным галоўнакамандуючым.

Дарадчая група па аэракасмiчных даследаваннях (англ.: Advisory Group for Aerospace Research and Development,AGARD) была ўтворана ў 1952 для спрыяння распрацоўкам i абмену iнфармацыяй у галiне аэракасманаўтыкi памiж краiнамi НATO. Штаб-кватэра AGARD знаходзiцца ў Парыжы.

Ваеннае агенцтва па стандартызацыi (англ.: Military Agency for Standartisation, MAS), галоўнае ваеннае агенцтва па стандартызацыi ў НATO. Створана ў Лондане ў 1951 з мэтай садзеяння аператыўнай, працэдурнай i матэрыяльна-тэхнiчнай стандартызацыi сярод членаў НATO дзеля надання войскам Альянсу большай эфектыўнасцi ў сумесных аператыўных мерапрыемствах. З 1970 размяшчаецца ў штаб-кватэры НATO у Бруселi.

Кансультацыйны камiтэт NATO па ваеннай электронiцы (англ.: NATO Electronic Warfare Advisory Committee, NEWAС) заснаваны ў 1966. Заклiканы павысiць магчымасцi электронных службаў НATO падчас баявых дзеянняў. Аналiзуе прагрэс, дасягнуты на нацыянальным узроўнi i ў iнтэграцыйных вайсковых структурах наконт магчымасцей вайсковага электроннага забеспячэння. NEWAC складаецца з прадстаўнiкоў кожнай краiны-члена НATO i вярхоўных галоўнакамандуючых.

Вучэбная група NATO (англ.: NATO Training Group, NTG) аб‘ядноўвае ўсе намаганнi ў рамках НATO па трэнiроўках i вучэннях на шматнацыянальнай аснове, спрыяе правядзенню трэнiровак i вучэнняў сярод краiн-членаў.

Камiтэт кiраўнiкоў ваенна-медыцынскiх служб краiн NATO (англ.: Committee of the Chiefs of Military Medical Services in NATO, COMEDS), таксама вядомы як EUROMED. Складаецца з вышэйшых ваенна-медыцынскiх чыноўнiкаў краiн-членаў, дзейнiчае як цэнтр па развiццi, каардынацыi i кансультаваннi Ваеннага камiтэта ў гэтай галiне.

Метэаралагiчная група Ваеннага камiтэта (англ.: Military Committee Meteorogical Group, MCMG) дае спецыяльныя парады Ваеннаму камiтэту ў сферы метэаралогii, дапамагае яму ў выпрацоўцы адпаведнай палiтыкi i тэхнiкi.

Шэсць спецыялiзаваных агенцтваў па тэлекамунiкацыях, сiстэмах сувязi i iнфарматыцы (англ.: Military Telecommunications and Communications and Information Systems (CIS) Agencies) забяспечваюць вайсковы камiтэт экспертнай падтрымкай у гэтай галiне ваеннай тэхнiкi. Памiж сабой яны спецыялiзуюцца на камунiкацыйнай i камп‘ютэрнай бяспецы (ACCSA), лiнiях сувязi (ALLA), радыёчастотах (ARFA), тактычных сродках сувязi (ATCA), узаемасувязi баз даных (ADSIA), марской сувязi (ANCA). Размяшчаюцца ў Бруселi, за выключэннем ANCA, месцазнаходжанне якога — Лондан.

Тэхнiчны цэнтр Вярхоўнага галоўнакамандавання аб‘яднанымi войскамi ў Еўропе (англ.: SHAPE Technical Centre) размяшчаецца ў Гаазе i працуе пад палiтычным кiраўнiцтвам Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб‘яднанымi ўзброенымi сiламi ў Еўропе (SACEUR). Задача цэнтра заключаецца ў тэхнiчнай дапамозе ШЭЙПу i ў правядзеннi даследаванняў для аб‘яднанага камандавання ў Еўропе. Сфера iнтарэсаў тэхнiчнага цэнтра: гатоўнасць войскаў i вайсковых структур, новыя тэхналогii ўзбраенняў, камандаванне i кантроль (iнфарматызацыя i аўтаматызацыя гэтых працэсаў), iнжынерныя сiстэмы i аператыўная дапамога.

Цэнтр падводных даследаванняў Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамi ў зоне Атлантыкi (англ.: SACLANT Undersea Research Centre, SACLANTCEN) створаны ў 1959 каля Спецыi ў Iталii i афiцыйна стаў структурай НАТО ў 1963. Распрацоўвае парады SACLANT у галiне барацьбы з падводнымi лодкамi i мiнамi. Праводзiць i акiянаграфiчныя даследаваннi.

У 1996 пачало працу агенцтва па нагляду за навуковым i тэхналагiчным працэсам у Альянсе — Арганiзацыя па даследаваннях i тэхналогiях (англ.: Research and Technology Organisation, R&TO). Створаная для больш паспяховага кiраўнiцтва даследчымi праграмамi ў рамках ужо iснуючых Дарадчай групы па аэракасмiчных даследаваннях (AGARD) i Групы абарончых даследаванняў (англ.: Defence Research Group, DRG), R&TO кiруецца Саветам (англ.: R&T Board), якi, у сваю чаргу, замяніў сабой органы кiравання AGARD i DRG. Савет каардынуе абмен навуковай iнфармацыяй памiж краiнамi-членамi. Складаныя сiстэмы навукова-даследчых супольнасцей краiн прадстаўленыя трыма элементамi: урадавая, прамысловая i акадэмiчная навука ў галiне абароны.

НATO валодае трыма навучальнымi ўстановамi. Аборончы коледж НATO (англ.: NATO Defence College) заснаваны ў Парыжы ў 1951, пераведзены ў 1966 у горад РымРым. Рыхтуе афiцэраў i цывiльны персанал для заняцця ключавых пастоў у НATO i нацыянальных адмiнiстрацыях.

Школа НATO (англ.: NATO (SHAPE) School), размешчаная каля Оберамергаў у Германii, — адзiн з галоўных цэнтраў падрыхтоўкi ваенных i цывiльных спецыялiстаў для службы ў НАТО. Створаная ў 1953, у 1966 перайшла пад аператыўны кантроль SACEUR. З 1953 падрыхтоўку ў школе прайшлi больш як 50 000 афiцэраў i цывiльных асоб. Кожны год каля 6 тысяч слухачоў наведваюць курсы па спецыяльнасцях: ядзерная, бiялагiчная i хiмiчная абарона, вайсковая электронiка, камандаванне i кантроль, мабiльныя войскi, шматнацыянальныя войскi, падтрыманне мiру, ахова навакольнага асяроддзя, крызiснае кiраванне.

Школа сродкаў сувязi i iнфармацыйных сiстэм (англ.: NATO Communicatians and Information Systems (CIS) School) забяспечвае ўзмоцненую падрыхтоўку цывiльнага i ваеннага персаналу перад накiраваннем iх на працу ў камунiкацыйныя i iнфармацыйныя службы НATO. Размяшчаецца школа на базе iтальянскiх ВПС у Лацiне.

[правіць] Механізм супрацоўніцтва

Усе краiны-члены НATO у поўнай меры ўдзельнiчаюць на палiтычным узроўнi супрацоўнiцтва ў рамках Альянсу i ўсе аднолькава прынялi на сябе абавязкi, што ўтрымлiваюцца ў арт. 5 Паўночнаатлантычнага дагавора i сiмвалiзуюць непадзельнасць iх бяспекi, а менавiта, што напад на адну цi некалькi краiн разглядаецца як напад на ўсе краiны-члены. Нiводная краiна-член НATO не павiнна спадзявацца толькi на свае ваенна-палітычныя намаганнi і эканамiчныя рэсурсы. Роўнасць бяспекі краін-членаў — у адсутнасцi залежнасцi памiж ёй i тымi нацыянальнымi вайсковымi магчымасцямi, што ўкладзеныя ў агульную стабiльнасць.

Спосаб функцыянавання НАТО забяспечвае улік патрэбнасцей краiн-членаў ў адпаведнасцi з iх становiшчам у арганізацыі. Так, Ісландыя, не маючы ўзброеных сiлаў, прадстаўлена у ваенных органах НАТО цывiльным прадстаўнiком.

Францыя, застаючыся паўнавартым членам арганізацыі i яе палiтычных структур, выйшла ў 1966 з інтэграванай вайсковай структуры НATO, не ўдзельнiчала ў працы Камiтэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання і Ваеннага камiтэта. Рэгулярныя кантакты з ваеннымi структурамi НATO афыццяўлялiся праз французскую ваенную мiсiю пры Ваенным камiтэце, а таксама праз удзел у асобных галiнах супрацоўнiцтва (сродкi сувязi, узбраеннi, матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне i г.д.). З 1995 Францыя аднавіла работу ў Камiтэце планавання абароны і Ваенным камітэце, але адносіны з інтэграванай вайсковай структурай НАТО не змяніліся: яны працягваюць рэгулявацца двухбаковымi пагадненнямi.

Iспанiя ўдзельнiчае ў працы Камiтэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання і Ваеннага камiтэта. У адпаведнасцi з вынiкамi нацыянальнага рэферэндуму 1986, Iспанiя не ўдзельнiчае ў iнтэграванай вайсковай структуры НATO, але прымае ўдзел у калектыўным абарончым планаваннi. Дамоўленасцi аб вайсковай каардынацыi дазваляюць iспанскiм войскам супрацоўнiчаць з iншымi саюзнымi войскамi ў спецыяльных галiнах, застаючыся пры гэтым за межамi iнтэграванай вайсковай структуры. У 1996 iспанскi парламент пагадзіўся з рашэннем урада аб пераходзе да поўнага ўдзелу Iспанii ў аб'яднанай вайсковай структуры НАТО.

Усе без выключэння краiны НATO удзельнiчаюць у працы Камiтэта палiтыка-вайсковага кiравання па праграме «Партнёрства дзеля міру» i iншых групах, што дзейнiчаюць па праграмах Савета еўра-атлантычнага партнёрства i «Партнёрства дзеля міру».

Адрозненнi памiж краiнамi-членамi НATO могуць таксама быць вынiкам геаграфiчнага, палiтычнага, ваеннага або канстытуцыйнага становiшча. Так, удзел Нарвегi i Данii ў ваенных планах НATO абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, па якiм немагчыма размяшчэнне ядзернай зброi i замежных войск на iх нацыянальнай тэрыторыi ў мiрны час.

Выпрацоўка палiтыкi НАТО і падрыхтоўка канкрэтных мерапрыемстваў ажыццяўляецца на падставе рэгулярных узаемных кансультацый краін-членаў. Такія кансультацыi могуць мець некалькi форм:

  • аднабаковае прадастаўленне iнфармацыi кiм-небудзь з удзельнiкаў;
  • двухбаковы цi шматбаковы iнфармацыйны абмен;
  • уведамленне iншых удзельнiкаў аб рашэннях, прынятых на нацыянальным узроўнi (у тым лiку з мэтай атрымаць ухваленне з боку партнёраў);
  • папярэдняе паведамленне аб падрыхтоўваемых акцыях;
  • папярэднiя кансультацыi з мэтай узгаднення паралельных дзеянняў, якiя будуць ажыццяўляцца кожным з удзельнiкаў iндывiдуальным чынам;
  • кансультацыi з мэтай выпрацоўкi такiх рашэнняў, якiя павiнны прымацца цi ажыцяўляца на калектыўнай аснове.

Рэгулярныя кансультацыi па палiтычных пытаннях таксама маюць месца ў рамках Савета еўра-атлантычнага партнёрства i пры сустрэчах Паўночнаатлантычнага савета i палiтычных камiтэтаў з партнёрамi па супрацоўнiцтву — дзяржавамі, якія не з'яўляюцца членамі НАТО.

Галоўнымi форумамi НATO для iнтэнсiўных кансультацый падчас перыядаў палітычнай напружанасці з‘яўляюцца Паўночнаатлантычны савет i Камiтэт планавання абароны пры падтрымцы Ваеннага камiтэта і палiтычных камiтэтаў. Стабiльнасць камунiкацыйнага працэсу забяспечвае Сiтуацыйны цэнтр НATO, якi круглыя суткi падтрымлiвае сувязь са сталiцамi дзяржаў-членаў НATO i галоўнакамандуючымi войскамi НATO.

[правіць] Месца і роля ў свеце

[правіць] Трансфармацыя НАТО

Лонданскі саміт НАТО 1990, Рымскі саміт НАТО 1991, Стратэгічная канцэпцыя НАТО 1991, Савет еўра-атлантычнага партнёрства, Праграма «Партнёрства дзеля міру», Вашынгтонскі саміт НАТО 1999, Стратэгічная канцэпцыя НАТО 1999.

[правіць] Аперацыі НАТО

Асноўны артыкул: Аперацыі НАТО
  • Аперацыі 19921993 у былой Югаславii: нагляд ваенна-марскiмi сіламі за выкананнем эмбарга ў Адрыятыцы, усталяванага ў адпаведнасцi з рэзалюцыяй № 787 Савета Бяспекi ААН; кантроль зоны, забароненай для палётаў над Боснiяй i Герцэгавiнай, забяспечаны самалётамi НATO, у адпаведнасцi з рэзалюцыяй № 781 Савета Бяспекi ААН.
  • Авіяўдары па пазіцыях войск баснійскіх сербаў вакол Сараева, Гораждзе, Біхача, абстрэл аэрадрома Удбiна ў Сербскай Краiне ў 1994—1995. Аперацыя «Абдуманая сiла» (англ.: Deliberate Force).
  • Ажыццяўленне ваеннага аспекту мiрнага дагавора па Боснii 1995 у рамках шматнацыянальных «выканаўчых» сіл (англ.: Implementation Force, IFOR): аперацыя «Сумесная спроба» (англ.: Joint Endeavour) снежань 1995—снежань 1996.
  • Стабілізацыйныя сілы (англ.: Stabilisation Force, SFOR).
  • Аперацыя супраць Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія «Аб'яднаная сіла» (англ.: Operation Allied Force) ў 1999.
  • Аперацыі пасля 11 верасня 2001 (англ.: Operation Eagle Assist, Operation Active Endeavour). Ваенная прысутнасць НАТО ў Афганістане ў рамках Міжнародных сіл па забеспячэнню бяспекі (англ.: International Security Assistance Force, ISAF) з 2003.

[правіць] Узаемадзеянне з іншымі арганізацыямі

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрапейскі Саюз, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Савет Еўропы.

[правіць] Адносіны з Рэспублікай Беларусь

Развіццё поўнамаштабнага супрацоўніцтва з НАТО — адзін з прыярытэтаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Наша дзяржава ўдзельнічае ў Савеце еўра-атлантычнага партнёрства з 1992 (да 1997 — Савет Паўночнаатлантычнага супрацоўніцтва), у праграме «Партнёрства дзеля міру» — з 1995. Удзел у мерапрыемствах Навуковай праграмы НАТО беларускія вучоныя бяруць з 1993. Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры НАТО адкрыта ў 1998.

Супрацоўніцтва Беларусі і НАТО вядзецца па наступных асноўных накірунках: адпрацоўка ўзаемадзеяння пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, кіраванне крызіснымі сітуацыямі, моўная падрыхтоўка афіцэраў, ваенная адукацыя, дэмакратычны кантроль над узброеннымі сіламі, планаванне і правядзенне аперацый па падтрыманні міру, ваенная геаграфія, гуманітарнае размініраванне, меры палітычнага і ваеннага характару, скіраваныя супраць распаўсюджання ядзернай, бактэрыялагічнай і хімічнай зброі, планаванне, арганізацыя і кіраванне нацыянальнымі праграмамі ў галіне абарончых даследаванняў і тэхналогія, стралковая зброя і лёгкія ўзбраенні.

Вясной 1999 Беларусь асудзіла агрэсію супраць Югаславіі і часова прыпыніла адносіны з НАТО, пазней яны былі адноўлены ў поўным аб'ёме. Восенню 2001 Беларусь аказала некаторую практычную дапамогу НАТО пры падрыхтоўцы міжнароднай антытэрарыстычнай ваеннай аперацыі ў Афганістане.

  1. Таксама ўжываюцца пераклады назвы са словамі "пакт", "альянс".
  2. Транслітарацыя скароту англійскай назвы. Вядомы таксама ненарматыўны варыянт транслітарацыі НАТА.

[правіць] У Сеціве


aa - ab - af - ak - als - am - an - ang - ar - arc - as - ast - av - ay - az - ba - bar - bat_smg - bcl - be - be_x_old - bg - bh - bi - bm - bn - bo - bpy - br - bs - bug - bxr - ca - cbk_zam - cdo - ce - ceb - ch - cho - chr - chy - co - cr - crh - cs - csb - cu - cv - cy - da - de - diq - dsb - dv - dz - ee - el - eml - en - eo - es - et - eu - ext - fa - ff - fi - fiu_vro - fj - fo - fr - frp - fur - fy - ga - gan - gd - gl - glk - gn - got - gu - gv - ha - hak - haw - he - hi - hif - ho - hr - hsb - ht - hu - hy - hz - ia - id - ie - ig - ii - ik - ilo - io - is - it - iu - ja - jbo - jv - ka - kaa - kab - kg - ki - kj - kk - kl - km - kn - ko - kr - ks - ksh - ku - kv - kw - ky - la - lad - lb - lbe - lg - li - lij - lmo - ln - lo - lt - lv - map_bms - mdf - mg - mh - mi - mk - ml - mn - mo - mr - mt - mus - my - myv - mzn - na - nah - nap - nds - nds_nl - ne - new - ng - nl - nn - no - nov - nrm - nv - ny - oc - om - or - os - pa - pag - pam - pap - pdc - pi - pih - pl - pms - ps - pt - qu - quality - rm - rmy - rn - ro - roa_rup - roa_tara - ru - rw - sa - sah - sc - scn - sco - sd - se - sg - sh - si - simple - sk - sl - sm - sn - so - sr - srn - ss - st - stq - su - sv - sw - szl - ta - te - tet - tg - th - ti - tk - tl - tlh - tn - to - tpi - tr - ts - tt - tum - tw - ty - udm - ug - uk - ur - uz - ve - vec - vi - vls - vo - wa - war - wo - wuu - xal - xh - yi - yo - za - zea - zh - zh_classical - zh_min_nan - zh_yue - zu -