Індская цывілізацыя
З Вікіпедыя.
Індская цывілізацыя, цывілізацыя даліны ракі Інд, Харапская цывілізацыя, старажытная даарыйская цывілізацыя (археалагічная культура) Індыі. Існавала з сярэдзіны ІІІ тысячагоддзя да н.э. да 17-16 стагоддзяў да н.э. на паўночным захадзе паўвострава Індастан (на тэрыторыі сучасных Індыі і Пакістана). Адзін з самых ранніх ачагоў урбаністычнай культуры народаў свету.
Раскопкамі адрыта каля 500 помнікаў: руіны сталічных гарадоў (Харапа, Махенджа-Дара, Калібанган), марскіх портаў (Лотхал у Гуджараце), пагранічных крэпасцей, сельскіх пасяленняў. Археалагічныя знаходкі паказваюць існаванне развітых гандлёвых сувязей з суседзямі, перш за ўсё з Шумерам.
Аснова эканомікі — жывёлагадоўля (буйвалы, свінні) і ірыгацыйнае земляробства (пшаніца, проса, ячмень, рыс). Развітыя манументальнае будаўніцтва, металургія бронзы.
Упадак Індскай цывілізацыі верагодна вызначаўся некалькімі прычынамі: тэктанічным зрухам і паводкамі, спусташэннем і забалочваннем глебы, эпідэміямі і войнамі. Дравідыйскае насельніцтва даліны Інда ў гэтыя часы змяшчаецца на паўднёвы ўсход і страчвае былы ўзровень развіцця.
Генетычна звязанай з Індскай (Харапскай) цывілізацыяй лічаць постхарапскую культуру. Уплыў Індскай цывілізацыі прасочваецца ў культуры сучасных народаў Індыі і Пакістана. Індская цывілізацыя не аказала істотнага ўплыву на культуру індаарыяў — новага старажытнаіндыйскага ачагу цывілізацыі ў даліне Ганга, аддаленага ад Індскага больш як на тысячу кіламетраў.