Паўстанне 1863-1864
З Вікіпедыя.
ПАЎСТАННЕ Ў ПОЛЬШЧЫ, ЛІТВЕ І БЕЛАРУСІ (1863—1864), паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай (разуметай як Польшча) у межах 1772 году.
У рускай гістарыяграфіі — Другое польскае паўстанне (1863—1864) або мяцеж, польскай гістарыяграфіі — Студзеньскае паўстанне, у частцы беларускай гістарыяграфіі — паўстанне Кастуся Каліноўскага (у кантэксце выдзялення з агульнага паўстання паўстанскіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі).
Пачалося абвяшчэннем Маніфесту Польскага нацыянальнага ўраду 10(22 студзеня) 1863, умоўнай датай канца лічыцца 1864.
Змест |
[правіць] У Літве і Беларусі
Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК) з пачаткам паўстання быў рэрганізаваны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, на чале з К. Каліноўскім. Першым маніфестам гэтага ўраду быў пераказ варшаўскага маніфесту (20.1(1.2).1863). Аднак, у "Паўстанцкую інструкцыю" быў уключаны адметны пункт аб праве камандзіраў атрадаў паводле пастановы ваеннага суда караць смерцю "найбольш злосных прыгнятальнікаў сялян".
Варшаўскі ўрад адхіліў ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі (27.2(11.3).1863), перадаў уладу віленскаму камітэту "белых", які стаў называцца "Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы". Гэты Аддзел распаўсюдзіў дэкрэт, якім касаваліся ўсе паўнамоцтвы і мандаты ЛПК. Каліноўскі ад імя ЛПК выказаў пратэст супраць перадачы ўлады "у рукі контррэвалюцыянераў" і зняў з сябе адказнасць за ўсе будучыя памылкі і страты, але падпарадкаваўся.
Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68—77 тыс.ч.
На Міншчыне ваенныя дзеянні пачаліся 19.4.1863. Адбыўся жорсткі бой пад Юравічамі (Чэрвеньскі раён) 9.5.1863, таксама прыкметнымі былі баі пад Азярцамі (Слуцкі раён) 21.4.1863, пад Тараканаўкай (Лагойскі раён) 27.4.1863, пад Пятровічамі (Смалявіцкі раён) 28.4.1863, пад Лядамі (Старадарожскі раён) 30.4.1863, пад Падбярэззем (Барысаўскі раён) 7.5.1863, пад Уладыкамі () 16.5.1863, пад Іжай (Вілейскі раён) 24.5.1863.
На Гарадзеншчыне ваенныя дзеянні былі прыкметнымі значна большым, чым у іншых мясцінах, удзелам сялян, што тлумачыцца ўмелай прапагандай рэвалюцыйных дэмакратаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага[1], а таксама значна большым працэнтам католікаў.
У чэрвені-ліпені 1863 у выніку рэпрэсій Мураўёва ад падтрымкі паўстання адыйшлі памешчыкі Літвы і Беларусі. Тады ў склад Віленскага камітэта быў вернуты Каліноўскі, а 31.7.1863 узначаліў яго. 22 жніўня Каліноўскаму былі пераданыя паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўраду ў Вільні. Такім чынам, у руках Каліноўскага была сканцэнтраваная ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арганізацыі на землях Літвы і Беларусі. На важнейшыя пасады Каліноўскі паставіў сваіх аднадумцаў — так, В. Урублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводства, І. Ямант — камісарам у Мінску, А. Мацкевіч — ваенным арганізатарам узброеных сіл Ковенскага ваяводства.
Аднак, і новаму складу кіраўніцтва не ўдалося дамагчыся пералому ў ваенных дзеяннях. Пад пачатак верасню 1863 паўстанне ў літоўска-беларускіх губернях было практычна задушана.
Пасля паразы ў ваенных дзеяннях у 1863 паўстанцы перайшлі да партызанскай барацьбы. У далейшым барацьба перайшла ў сферу грамадскага непадпарадкавання і адміністрацыйных рэпрэсій, працягваючыся і пасля сканчэння паўстання.
Вядомыя ўдзельнікі: Кастусь Каліноўскі, Міхал Аскерка, Генрых Дмахоўскі, Рамуальд Траўгут, Цітус Далеўскі.
[правіць] Вынікі і наступствы
Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з'явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла "беларускае пытанне" і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.
Паўстанне і антыруская прапаганда вакол яго ў еўрапейскім друку паўназначна спрычыніліся да ўзнікнення контр-прапагандысцкай у сваёй аснове школы "заходнярусізму" на чале з М. О. Каяловічам.
[правіць] Ацэнкі
[правіць] Польская гістарыяграфія
Наогул, у польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і лтоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання. Асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюца як польскія або "краёвыя".[2]
[правіць] Беларуская гістарыяграфія
Наогул, па стане на 2000-я гг. беларуская гістарыяграфія паўстання і асобы Каліноўскага характарызуецца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.
У часы "беларусізацыі" 1920-х гг. беларуская гістарыяграфія сфарміравала дзве асноўныя канцэпцыі разгляду і ацэнкі паўстання.
Адна з іх, "вульгарна-сацыялагічная" (прадстаўнікі: У. Ігнатоўскі і інш.) разглядала паўстанне як польскае, якое значна закранула Беларусь, і набыло тут асаблівы характар, з'яўляючыся тут, з аднаго боку, сялянскім супраць паноў, з другога — палітычным нацыянальна-вызваленчым супраць царызму. У гэтай канцэпцыі дзеянні "чырвоных" трактаваліся як народныя і антышляхецкія, і амаль як беларускія ў палітычнай скіраванасці, а дзеянні "белых" — як фактычна згодныя з дзеяннямі царскіх уладаў. Паўстанне ў гэтай канцэпцыі дэкларатыўна разглядалася як прадвеснік будучай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Падобным чынам, г.зн., дэкларатыўна і як падзею-прадвеснік, але ўжо з пункту гледжання будучага абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці (БНР), паўстанне разглядалася ў працах беларускіх замежных даследчыкаў 1920-х гг. і пазней (Адам Станкевіч, Ян Станкевіч).
Другая з канцэпцый 1920-х гг. (С. Агурскі, К. Шчарбакоў і інш.) фактычна вярталася да заходнярускай канцэпцыі, цалкам атаясамляючы сілы паўстання з шляхтай і духавенствам, катэгарычна адмаўляючы усенароднасць паўстання, падкрэсліваючы шавіністычны характар паўстання, а Каліноўскага называючы "міфічным героем" і "ідэолагам... шляхты".
Пасля хвалі рэпрэсій 1929—1930 супраць "нацдэмаў" другая ацэнка ўзяла верх, аж да хвалі рэпрэсій 1937—1938, і знішчэння прадстаўнікоў другой ацэнкі. Пасля гэтага частковая "рэабілітацыя" паўстання адбылася ў працах І. Лочмеля (з удзелам Н. Нікольскага, Д. Дудкова), але, напрыклад, у працы У. Пічэты аб антыфеадальных рухах (1940) паўстанне нават не ўзгадвалася. Відавочна, на асцярожнасць у закрананні гэтай тэмы ўплываў палітычны клімат часоў савецка-нямецкага раздзелу Польшчы (1939). У гэтай сітуацыі ўзнік шэраг супярэчлівых міфаў адносна паўстання, якія не мелі нічога агульнага з гістарычнай рэчаіснасцю падзей 1863—1864 гг. — напр., пра скіраванасць паўстання, якое ў Беларусі было сялянскім пад кіраўніцтвам Каліноўскага, супраць польскай шляхты.
У далейшым (1940—1950-я гг.) колькасць міфаў пабольшала, і да "сялянскага характару паўстання ў Літве і Беларусі" дадаўся міф (У. Перцаў, 1945; І. Лушчыцкі ў 1950-я гг.; С. Самбук у 1960-я—1970-я гг.) аб "сялянскім рэвалюцыянеры" Каліноўскім і аб яго намеры ўтварэння "літоўска-беларускай рэспублікі, самастойнай і ад Польшчы і ад Расіі".
Пэўны паварот да навуковасці ў разглядзе пытання адбыўся на працягу канца 1950-х — пач. 1970-х гг., калі выйшаў шэраг прац з шырокім выкарыстаннем архіўных матэрыялаў (манаграфіі А. Смірнова, 1959—1964, кнігі Г. Кісялёва, 1963, 1966). Тут назіралася барацьба старых схем і новага (і супярэчлівага схемам) дакументальнага матэрыялу. Напрыклад, у працах Смірнова адносіны сялянства Літвы і Беларусі да паўстання так і не былі раскрыты.
За 1980-я — 2000-я гг., нягледзячы на ўсведамленне праблемы (М. Біч), так і не быў зроблены навуковы, непалітызаваны аналіз біяграфіі Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863—1864 гг. Аўтары або вярталіся да палітызаваных міфаў 1920—1950-х гг. (М. Біч, Г. Сагановіч, У. Арлоў, І. Саверчанка) або да версій блізкіх заходнерусізму (У. Чарапіца, Е. Новік і У. Марцуль). Па-ранейшаму ў беларускай гістарыяграфіі няма манаграфічнай працы, якая б спалучала аналіз падзей паўстання з аналізам крыніц рэканструкцыі гэтых падзей. Агульным для беларускай гістарыяграфіі з'яўляецца слабая ўвага або толькі дэкларацыйнае прызнанне ролі агульнаеўрапейскага (замежнапалітычнага) і польскага кантэксту ў падзеях паўстання.
[правіць] Крыніцы
- Карев Д. В. Восстания 1830—1831 гг. и 1863—1864 гг. в белорусской историографии конца XIX—XX вв. // Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг. // сост. Т. Ю. Афанасьева [и др.]; под ред. Д. В. Карева. — Брест : Академия, 2006. — 404 с. ISBN 985-505-025-8. С.3—16.
- М. Біч, Э. Зайкоўскі. Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Полымя. — ISSN 0131-2669., №1, 1988 С.1—8.