Горад Турфан
З Вікіпедыя.
Турфан, таксама Турпан (кітайская мова: 吐魯番, уйгурская мова: تۇرپان شەھىرى) — горад ва ўсходняй частцы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна Кітая. Плошча 69.324 км², насельніцтва каля 570.000 чалавек (2004). У старажытныя часы і ў эпоху Сярэднявечча праз Турфан пралягала паўночная ветка Вялікага Шаўковага шляху. Пачынаючы з дынастыі Заходняя Хань (206 г. да н.э. - 8 г. н.э.), Турфан становіцца значным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Заходняга Кітая. [1] Сучасныя Турфан і Кашгар — адзіныя з вялікіх гарадоў Сіндзяна, у якіх яшчэ захаваліся адметныя рысы традыцыйнай уйгурскай культуры.
|
Як сведчаць кітайскія летапісныя крыніцы, першымі вядомымі жыхарамі Турфанскай катлавіны былі сагдыйцы — старажытны ўсходне-іранскі этнас. Сагдыйцы добра ведалі тэхніку кярызнага абваднення, а таму паспяхова валодалі майстэрствам ажыўлення пустынь. Кітайцы ж праніклі ў Турфан толькі ў II ст. да н.э., сустрэўшы там нешматлікі самастойны этнас, які атрымаў назву чэшы. [2].
Горад славіцца сваім сусветнавядомым салодкім белым турфанскім вінаградам без кастачак, а таксама сакавітымі хамійскімі дынямі.
[правіць] Геаграфія і клімат
Турфан ляжыць на адлегласці 150 км ад Урумчы, сталіцы Сіньцзяна. Турфанская нізіна з'яўляецца самым гарачым рэгіёнам Кітая, а Турфан самым знойным месцам краіны, за што гэтыя мясціны таксама называюць вогненны край альбо вогненная зямля. Турфанская катлавіна таксама з'яўляецца самым нізкім месцам Кітая па вышыні над узроўнем мора і самым нізкім месцам Зямлі пасля Мёртвага мора. Вышыня самага нізкага месца катлавіны, берагавой лініі вакол возера Айдзін-куль, складае 154,50 м ніжэй узроўня мора.
Дастаткова распаўсюджаным у Турфанскай даліне феноменам з'яўляюцца моцныя ветры — арканы — хуткасцю вышэй за 32,6 м/с (12 балаў). Моцныя паветраныя патокі, якія ўзнікаюць у выніку значнага перападу ціску паветра паміж далінай і знешнімі зонамі павялічанага ціску, накіроўваюцца з паўночнага захаду праз Цяньшань у Турфанскую катлавіну. Таму штогод на працягу 30-40 дзён над Турфанам праносяцца ветры сілай у 8 і больш балаў. 19 мая 1977 года над Турфанскай далінай прайшоў аркан, моц якога дасягала 50 м/с. У 1949 пачалі прымацца першыя меры па ахове аазіса ад моцных вятроў, і былі закладзены лесаполасы з 30 мільёнамі дрэваў.[3]
[правіць] Дэмаграфія
Народ/этнас | Колькасць | Суадносіны |
---|---|---|
Уйгуры | 385.546 | 70,01% |
Хань | 128.313 | 23,3% |
Хуэй | 35.140 | 6,38% |
Казахі | 321 | 0,06% |
Тудзя | 274 | 0,05% |
Маньджуры | 254 | 0,04% |
Манголы | 158 | 0,03% |
Ту | 154 | 0,03% |
Тыбетцы | 105 | 0,02% |
Мяо | 98 | 0,02% |
Джуан | 88 | 0,02% |
Дунгане | 79 | 0,01% |
Іншыя | 201 | 0,04% |
Адпаведна апошняму перапісу насельніцтва у 2000 годзе насельніцтва Турфана складала 251,652 чалавек, з якіх 70,38% — уйгуры. Шчыльнасць насельніцтва — 7,94 чалавек/км².
[правіць] Адміністрацыйны падзел
[правіць] Гісторыя
Доўгі час Турфан быў цэнтрам пладароднага аазіса, вада ў які падавалася з дапамогай кярызаў — гідратэхнічнай сістэмы падземных каналаў, а таксама важным гандлёвым цэнтрам. У 840 годзе пасля заняпаду Трэцяга уйгурскага каганата уйгуры заснавалі дзяржаву з цэнтрам у Турфане на тэрыторыі Усходняга Туркестана. [4] У 1420 годзе Турфан падчынілі сабе манголы, пасля чаго горад пачаў інтэнсіўна ісламізавацца.
Мусульманскае паўстанне ў Сіньцзяне У красавіку 1931 г. насельніцтва Турфана падтрымала стыхійныя выступленні пад кіраўніцтвам байскіх вярхоў і купецтва, мэтай паўстання было ўтварэнне незалежнай ісламскай рэспублікі. У 1932 горад быў захоплены атрадамі Шэн Шыцая пры падтрымцы казакоў. [5]
[правіць] Гістарычныя помнікі
Гарадзішча Дзяохэ (交河故城) Знаходзіцца ў 10 км ад Турфана. Заснавальнікамі старажытнага горада былі чэшы, першыя жыхары Турфанскай даліны. Знаходзіцца на ў месцы раздваення ракі. Знішчана манголамі ў 13 стагоддзі.
Гарадзішча Гаочан (高昌故城) На месцы сённяшняга гарадзішча Гаочан стаяў старажытны горад. Гарадзішча знаходзіцца ў 30 км на паўднёвым захадзе ад сучаснага Турфана. Гаочан быў заснаваны ў 1 стагоддзі да н.э. Знічшаны пажарам у час вайны ў 14 стагоддзі.
Мінарэт Іміна Помнік мусульманскага дойлідства. Будаўніцтва мінарэта было завершана ў 1778 годзе ў часы княжання Сулеймана, сына Іміна. Мінарэт Іміна аб'яўлены ахоўваемым помнікам дзяржаўнага значэння.
Базыклікскія пячоры (柏孜克里克千佛洞) Базыклікскія пячоры тысячы Буддаў знаходзяцца на адлегласці 45 км ад Турфана. Узніклі яны ў 5-9 стагоддях н.э. паміж гарадамі Турфан і Шаньшань (Лоўлань) на паўночным усходзе пустыні Такла-Макан.
[правіць] Краявіды
Вогненая гара (火焰山) Знаходзіцца ў 10 км ад горада. Даўжыня з захаду на ўсход каля 98 км, шырыня каля 10 м. Шырокую вядомасць і папулярнасць сярод турыстаў Вогненная гара набыла між іншым дзякуючы класічнаму раману кітайскай літаратуры «Падарожжа на Захад»
Айдзін-куль (艾丁湖) Возера Айдзін-куль з'яўляецца самым нізкім месцам Кітая. Дабрацца да гэтых мясцін летам амаль што немагчыма: возера з усіх бакоў абступаюць багністыя балоты, тэмпература паверхні якіх падымаецца да 70 градусаў Цэльсія.[6] Альтытуда возера Айдзін-куль — каля 155 м ніжэй узроўня мора.
Вінаградная даліна (葡萄沟)
[правіць] Эканоміка
Вінаградарства: 75% сукупнай вытворчасці разынак Кітая. Пераважная большасць насельніцтва Турфанскай даліны — мусульмане, таму амаль што ўвесь турфанскі вінаград перапрацоўваецца на разынкі, нязначная доля перапрацоўваецца на віно.
Карысныя выкапні
Вугаль: Турфан-Хамійскае вугальнае радовішча ўваходзіць у склад 10 буйнейшых у свеце вугальных басейнаў, запасы вугля басейна дасягаюць 500 мільярдаў тон.
Нафта: Перапрацоўка сыравіны з Турфан-Хамійскага нафтавага радовішча.
[правіць] Транспарт
Чыгунка: Турфан называюць перадапошнім чыгуначным вакзалам Кітая. Бліжэйшы аэрапорт знаходзіцца ў Урумчы.
[правіць] Рэлігія
У 1 ст. да н.э. у Турфан пачаў пранікаць будызм, рэлігія паступова набывала папулярнасць сярод насельніцтва, а ў 4 стагоддзі будызм атрымаў статус дзяржаўнай рэлігіі у княстве.
[правіць] Турфанскія фрагменты
Паміж 1902 і 1914 гадамі па ініцыятыве дырэктара індыйскага аддзела музея этнаграфіі ў Берліне Альберта Грунведэля былі здзейснены чатыры нямецкія экспедыцыі ў Турфан. У арганізацыі экспедыцый таксама актыўна ўдзельнічай нямецкі турколаг Альберт фон Ле Кок. У выніку турфанскіх экспедыцый вучонымі было прывезена ў Берлін звыш тысячы фрагментаў прадметаў жывапісу і іншых мастацкіх аб'ектаў, а таксама звыш 40.000 тэкставых фрагментаў, якія сёння захоўваюцца ў Берлінскім музеі індыйскай культуры.
[правіць] Крыніцы
- ↑ Открытие Праздника винограда в Синьцзяне, Газета «Жэньминь Жибао»
- ↑ Гумилев Л. Н. История народа Хунну. VII. Взлет дракона
- ↑ Der zweittiefste Ort der Welt: Die Oase Turfan, 150 m unter dem Meeresspiegel
- ↑ http://www.pereplet.ru/cgi/gbook.cgi?guestbook=hist&command=view442
- ↑ Е.Н. Наземцева. Роль белогвардейских военных подразделений в подавлении мусульманского восстания в Синьцзяне в первой половине 30-х гг. ХХ в.
- ↑ В Синьцзяне проводится повторная топографическая съемка самой низкой точки в Китае.
[правіць] Відэаматэрыялы
- YouTube: Турфан, вогненая гара (даўжыня 00:17)
- YouTube: Вінаграднікі ў Турфане, панарама з даху будынка (даўжыня 00:31)
- YouTube: Турфан: гарадзішча Дзяохэ (даўжыня 00:26)
- YouTube: Турфан: гарадзішча Гаочан (даўжыня 01:07)
- YouTube: Турфан: Мінарэт Іміна (даўжыня 02:47)
[правіць] Спасылкі
- Турпан (на рускай мове)
- Турфан, Tianshannet, Окно в Синьцзян (на рускай мове)
- Турфан і наваколле, фотаздымкі
- Удивительный Турфан, Газета «Жэньминь Жибао» (на рускай мове)
- 富庶丰饶之地 — 吐鲁番绿洲 (на кітайскай мове)