Глушэц
З Вікіпедыя.
ГЛУШЭ́Ц (лац.: Tetrao urogallus) — птушка сямейства цецеруковых атраду курападобных.
У Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей на мохавых балотах Паазер'я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Народная назва на Палессі когут. У Бярэзінскім запаведніку вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўжыня самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з металічным бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Доўгае пер'е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б'юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў (“скіркання”) глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Корміцца ігліцай, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Колькасць скарачаецца, у шэрагу краін, у тым ліку у Беларусі, пад аховай.
Мяса жорсткае, перад абскубаннем здабыты глушэц мусіць вісець уніз галавой да 14 дзён у халодным праветраным месцы. Пасля абскубання абсмаліць, вытрыбушыць, адцяць галаву і крылы. Маладых птушак дастаткова вымачыць на ноч у малацэ, старэйшых лепш у марынадзе (з дадаткам ядлоўцу і імбіру) на працягу 2 – 3 дзён. Глушца лепш тушыць, чым запякаць, але ў старапольскай кухні быў славуты глушэц, запечаны з валоскімі арэхамі, шынкай і грыбамі. Раней існавала павер'е, нібыта мяса глушца “карыснае для глузду”.
[правіць] Крыніцы
- Белы А. Глушэц // Праект "Наша ежа"