See also ebooksgratis.com: no banners, no cookies, totally FREE.

CLASSICISTRANIERI HOME PAGE - YOUTUBE CHANNEL
Privacy Policy Cookie Policy Terms and Conditions
Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе Беларусь — Вікіпедыя

Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе Беларусь

З Вікіпедыя.

Беларуска-польскі канфлікт у Генеральнай акрузе "Беларусь" – канфлікт паміж прыхільнікамі беларускага нацыянальнага руху і змагарамі за вяртанне польскай дзяржаўнасці ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларусі ў 1941-44.

Пасля таго, як нямецкія войскі ўлетку 1941 занялі тэрыторыю Беларусі, пачалася арганізацыя цывільнай улады на месцах. Да моманту нападу на Савецкі Саюз, на тэрыторыі Трэцяга Рэйха быў створаны Беларускі камітэт самапомачы (БКС), дзеячы якога прыбылі ў акупаваную Беларусь. Аднак беларускі рух, які спадзяваўся з дапамогай новых уладаў стварыць умовы дзеля адраджэння беларускай дзяржаўнасці, адчуваў недахоп адпаведных кадраў для мясцовай адміністрацыі. Брак кадраў сярод беларусаў кантраставаў з дастатковай іх колькасцю сярод асобаў польскай нацыянальнасці, многія з якіх займалі адміністрацыйныя пасады яшчэ да верасня 1939. У выніку пачаўся працэс стварэння мясцовай адміністрацыі на чыста польскай аснове. У хуткім часе палякі занялі практычна ўсе пасады на Наваградчыне і Віленшчыне. Некаторыя з іх пайшлі ў акупацыйную адміністрацыю з ведама польскага падполля.

Існуючая сітуацыя турбавала беларускіх дзеячаў, якія трактавалі нямецкую акупацыю як сродак дзеля ўзмацнення сваіх уплываў. Тым часам узрастала небяспека ўтварэння моцнага польскага цэнтра на заплеччы нямецкіх войскаў. З траўня 1942 Галоўная ўправа бяспекі Трэцяга Рэйху пачала антыпольскую рэпрэсіўную акцыю, якая палягала на "чыстцы" адміністрацыі ад асобаў польскай нацыянальнасці. Акцыі гэтай спадарожнілі фізічнае вынішчэнне і гвалт.

"Польская акцыя" на тэрыторыі Генеральнай акругі "Беларусь" адбывалася адначасна з падтрымкай беларускага руху. Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ зрабіў стаўку на беларусаў. Як аргумент выступала насцярога, што польскі рух на тэрыторыі акругі ўяўляе сабой досыць моцную сілу. У адрозненні ад палякаў, беларускія нацыянальныя сілы не былі так моцныя, каб у найбліжэйшы час рэальна пагражаць інтарэсам Германіі.

У межах палітыкі падтрымкі беларусізацыі адбывалася развіццё беларускамоўнай адукацыі. На зломе 1941-42 у Генеральнай акрузе „Беларусь” ужо існавала 3458 беларускіх школ, у 1943 з'явілася яшчэ каля 30. Развіццё атрымала тэатральнае жыццё, літаратура. У 1942 з дазволу нямецкіх улад у Менску была створана Беларуская народная самапомач (БНС) на чале з Іванам Ермачэнкам. Побач з дабрачыннымі справамі БНС бярэ на сябе абавязак займацца арганізацыяй нацыянальна-культурніцкага жыцця ў Генеральнай акрузе "Беларусь".

Ажыццявіць беларусізацыю акупаванага абшару было немагчыма не закрануўшы інтарэсаў палякаў. Неўзабаве канфлікт паміж польскім і беларускім палітычнымі ўплывамі набыў характар сапраўднай барацьбы, якая каштавала жыцця сотням людзей. Адным са спосабаў змагання беларускіх нацыяналістаў з польскім элементам было спрыянне дэпартацыі апошніх на прымусовыя працы ў Германію.

Важкім сродкам узаемнай беларуска-польскай барацьбы была дэнунцыяцыя перад нямецкімі ўладамі. Даносы назіраліся з першых дзён нямецкай акупацыі і былі накіраваныя супраць савецкіх актывістаў і прыхільнікаў савецкага ладу. Прычынай рабіліся крыўды, якія выводзіліся з вераснёўскіх дзён 1939. Вядомы выпадкі, калі беларускія сяляне ў верасні 1939 віталі Чырвоную Армію, а потым удзельнічалі ў рабунках абшарніцкіх маёнткаў і нават забойствах іх колішніх гаспадароў. З прыходам нямецкай арміі ў чэрвені 1941 пакрыўджаныя атрымалі зручны момант, каб пакараць сваіх нядобразычліўцаў. Таўро сімпатыкаў камуністаў выкарыстоўвалі ўдзельнікі польскай канспірацыі ў змаганні з беларускімі нацыяналістамі. Беларусы выстаўлялі палякаў у якасці замаскаваных агентаў польскага эміграцыйнага ўраду ў Лондане і паплечнікаў Арміі Краёвай. У ліпені 1942 было абвешчана, што Рыма-каталіцкі касцёл ёсць адной з асноўных фартэцый польскага руху. Гэты аргумент даваў немцам падставы для рэпрэсій супраць духавенства.

Вынікі супрацьстаяння паміж прыхільнікамі беларускага нацыянальнага руху і змагарамі за вяртанне польскай дзяржаўнасці залежалі ад акругі. Напрыклад, у Лідскай акрузе беларускі ўплыў да 1944 быў фактычна ліквідаваны. Тут амаль адкрыта дзейнічалі польскія вайсковыя фармаванні. Гэтаму не перашкодзілі нават арышты і расстрэлы дзесяткаў людзей, у тым ліку мясцовых каталіцкіх святароў у 1943.

Падчас беларуска-польскага канфлікту не адбылося без узброеных сутыкненняў паміж вайсковымі фармаваннямі абодвух бакоў. Найчасцей гэта былі акцыі польскіх партызанаў па знішчэнню і раззбраенню пастарункаў альбо цэлых гарнізонаў беларускай паліцыі.

Антыпольскія рэпрэсіі пачалі згортвацца з другой паловы 1943. На гэта паўплываў шэраг чыннікаў. Па-першае, у верасні 1943 загінуў генеральны камісар Беларусі В. Кубэ, які ў сваёй палітыцы рабіў стаўку на беларускі нацыянальны рух і быў прыхільнікам ліквідацыі польскіх уплываў. Па-другое, нямецкія акупацыйныя ўлады вырашылі выкарыстаць польскае падполле ў змаганні з савецкімі партызанамі, з гэтага моманту пачынаюцца спробы завязання лучнасці паміж асобнымі фармаваннямі АК і нямецкімі ўладамі. Па-трэцяе, немцы зарыентаваліся, што выкараненне польскага элементу мае значныя мінусы для грамадскага і гаспадарчага жыцця акупаванай тэрыторыі.

З боку беларускага нацыянальнага руху стаўленне да палякаў таксама паступова злагоджвалася. 21 снежня 1943 ў Менску была створана Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР) на чале з Радаславам Астроўскім, якая мела выконваць ролю беларускага ўраду пад нямецкай апекай. Рэзалюцыя ІІ Усебеларускага кангрэсу, які адбыўся 27 чэрвеня 1944 ў Менску, хоць і абвяшчала несапраўднымі ў вачах беларусаў усе дамовы з удзелам Польшчы, не мела антыпольскіх выразаў, тым часам як дэкларавала антысавецкую накіраванасць.

Беларуска-польскі канфлікт падчас нямецкай акупацыі не меў шырокага масавага характару. Ён пераважна ахопліваў толькі кола палітычна заангажаваных беларусаў і палякаў.

Грыбоўскі Ю. Польска-беларускі канфлікт у Генеральнай акрузе „Беларусь” (1941-1944 гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne, nr 25, 2006, s. 116-167.

  • Крывашэй Дз. Беларуска-польскія адносіны ў гады нямецкай акупацыі // Białorunruskie zeszyty historyczne, nr 24, 2005. - s. 153-165.
  • Крывашэй Дз. Польская супольнасць Беларусі пад час акупацыі // Беларусь у выпрабаваннях Вялікай Айчыннай вайны: масавыя забойствы нацыстаў, Мн., 2005, с. 139-148.
  • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. - Мн., 1993.
  • Stosunki polsko-bialoruskie w wojewodztwie bialostockim w latach 1939-1956, Warszawa 2005.


aa - ab - af - ak - als - am - an - ang - ar - arc - as - ast - av - ay - az - ba - bar - bat_smg - bcl - be - be_x_old - bg - bh - bi - bm - bn - bo - bpy - br - bs - bug - bxr - ca - cbk_zam - cdo - ce - ceb - ch - cho - chr - chy - co - cr - crh - cs - csb - cu - cv - cy - da - de - diq - dsb - dv - dz - ee - el - eml - en - eo - es - et - eu - ext - fa - ff - fi - fiu_vro - fj - fo - fr - frp - fur - fy - ga - gan - gd - gl - glk - gn - got - gu - gv - ha - hak - haw - he - hi - hif - ho - hr - hsb - ht - hu - hy - hz - ia - id - ie - ig - ii - ik - ilo - io - is - it - iu - ja - jbo - jv - ka - kaa - kab - kg - ki - kj - kk - kl - km - kn - ko - kr - ks - ksh - ku - kv - kw - ky - la - lad - lb - lbe - lg - li - lij - lmo - ln - lo - lt - lv - map_bms - mdf - mg - mh - mi - mk - ml - mn - mo - mr - mt - mus - my - myv - mzn - na - nah - nap - nds - nds_nl - ne - new - ng - nl - nn - no - nov - nrm - nv - ny - oc - om - or - os - pa - pag - pam - pap - pdc - pi - pih - pl - pms - ps - pt - qu - quality - rm - rmy - rn - ro - roa_rup - roa_tara - ru - rw - sa - sah - sc - scn - sco - sd - se - sg - sh - si - simple - sk - sl - sm - sn - so - sr - srn - ss - st - stq - su - sv - sw - szl - ta - te - tet - tg - th - ti - tk - tl - tlh - tn - to - tpi - tr - ts - tt - tum - tw - ty - udm - ug - uk - ur - uz - ve - vec - vi - vls - vo - wa - war - wo - wuu - xal - xh - yi - yo - za - zea - zh - zh_classical - zh_min_nan - zh_yue - zu -