Беларуская цэнтральная рада
З Вікіпедыя.
Беларуская цэнтральная рада (БЦР) — дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў Генеральнай акрузе "Беларусь".
Беларуская цэнтральная рада была створана ў снежні 1943 з Беларускай рады даверу пры Генеральным камісарыяце Беларусі.
У БЦР увайшлі 14 чалавек Р. Астроўскі (прэзідэнт), М. Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю. Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф. Кушаль (вайсковыя справы), С. Кандыбовіч (фінансы), А. Калубовіч (справы культуры), П. Свірыд (юрыдычныя і рэлігійныя справы), С. Каляда (лясная гаспадарка), С. Стаськевіч (прафесійныя справы), А. Сакрат (школьныя справы), П. Орса (сельская гаспадарка), Н. Абрамава, Н. Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных раздзелаў.
Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіарўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай, Беларусай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы і надалей заставаліся пад кантролем нямецкіх акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР (не былі створаныя ў Барысаўскай, Ганцавіцкай і Лідскай акругах).
У падпарадкаванне БЦР былі перададзены Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі. Члены БЦР спрабавалі стварыць з беларускага насельніцтва вайсковыя фарміраванні.
Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе (27 чэрвеня 1944).
У сувязі з наступленнем савецкіх войск большасць членаў БЦР перабраліся ў Германію, дзе працягвалі дзейнасць. Паслядоўнікі БЦР пасля вайны дзейнічалі ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш.