Аляксандр Ягелончык
З Вікіпедыя.
Аляксандр Казіміравіч ЯГЕЛОНЧЫК (5 жніўня 1461, Кракаў - 19 жніўня 1506), вялікі князь літоўскі (1492–1506), кароль польскі (1501–1506). Сын Казіміра Ягелончыка, ўнук Ягайлы. Пахаваны ў Вільні.
[правіць] Унутраная палітыка
У 1492 выдаў свой прывілей, якім абавязаўся не прымаць важныя рашэнні толькі са згоды паноў-рады. Гэты прывілей развіваў ідэі закладзеныя ў Прывілеі Казіміра (1447), замацаваў прынцыпы міжнароднай палітыкі дзяржавы, вызначыў асновы цывільнага і крымінальнага права. Фактычна гэта быў прадвеснік Статутаў ВКЛ. Былі прыняты таксама заканадаўчыя акты, паводле якіх усе велікакняжацкія маёнткі абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы і вялікія князі не мелі права іх дарыць, аддаваць у заклад без згоды сойма. У 1505 увёў Радамскую канстытуцыю, якая яшчэ больш пашырыла правы шляхты. У Статуце (1505) абяцаў за сябе і сваіх наступнікаў не рабіць нічога новага ў кіраванні дзяржавай без агульнай згоды сойма.
[правіць] Знешняя палітыка
У 1501 абраны на польскі сталец, аднавіў перапыненую амаль на 10 гадоў персанальную уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Пабраўся шлюбам з дачкой вялікага князя маскоўскага Івана III Аленай. У выніку паражэння ў войнах з Маскоўскай дзяржавай (1492—1494, 1500—1503) вымушаны быў прызнаць пераход пад уладу Маскоўскай дзяржавы зямель ВКЛ з гарадамі Бранск, Вязьма, Гомель, Дарагабуж, Любеч, Мцэнск, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Рыльск, Сярпейск, Чарнігаў і інш. Саюзнік Маскоўскай дзяржавы крымскі хан Менглі-Гірэй неаднаразова спусташаў Валынь, Галіцыю і Берасцейшчыну.