Жывапіс
З Вікіпедыя.
Жывапіс — від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца з дапамогай фарбаў, што наносяцца на якую-небудзь паверхню. Займае галоўнае месца ў трыядзе выяўленчых мастацтваў (разам з графікай і скульптурай). Падзяляецца на станковы жывапіс (асновай служыць палатно, дошка, кардон) і манументальны жывапіс (творы размяшчаюцца на трывалай архітэктурнай аснове). Сярод жанраў жывапісу — партрэт, пейзаж, нацюрморт, гістарычны, міфалагічны, батальны, анімалістычны і інш. Асобымі відамі жывапісу з’яўляюцца іканапіс, мініяцюра, дыярама, панарама, а таксама дэкарацыйны жывапіс (тэатральныя і кінадэкарацыі). Важнейшыя сродкі выразнасці — кампазіцыя, малюнак і колер (каларыт).
[правіць] Гісторыя
Гісторыя жывапісу бярэ пачатак ад наскальных роспісаў часоў палеаліту. У старажытным Егіпце дасягнуў высокага ўзроўню развіцця манументальны жывапіс. У антычнасці жывапіс вызначаўся пластычнай яснасцю форм, шырокім, свабодным пісьмом, жыццева дакладным адлюстраваннем прадметаў. Выдатным узорам антычнага станковага жывапісу з’яўляюцца фаюмскія партрэты. У эпоху Сярэднявечча ў Еўропе дамінаваў рэлігійны жывапіс, асноўнымі відамі якога былі фрэска, іканапіс, мініяцюра. У краінах Далёкага Усходу (Кітай, Карэя, Японія) паспяхова развіваўся жывапіс акварэллю, тушшу і гуашшу на скрутках з шоўку і паперы. У эпоху Адраджэння заходнееўрапейскі жывапіс сцвярджаў гуманістычныя ідэалы і каштоўнасці (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, А. Дзюрэра і інш.) У 17–18 ст. пачалі складвацца нацыянальныя школы жывапісу ў Францыі (Н. Пусен, А Вато, Ж. Л. Давід), Італіі (М. Караваджа, Дж. Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д. Веласкес, Ф. Гойя), Нідэрланды (Ф. Халс, Рэмбрант) і інш. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (жывапіс барока, класіцызму, ракако). У канцы 19 ст. у барацьбе з традыцыямі позняга класіцызму, акадэмізму і натуралізму склаўся жывапіс рамантызму (Т. Жэрыко, Э. Дэлакруа і інш.) і рэалізму (Г. Курбэ, Дж. Канстэбл, К. Каро). Актыўныя пошукі новых выяўленчых сродкаў былі характэрны прадстаўнікам імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. У канцы 19–20 ст. ва ўсім свеце развіццё жывапісу стала надзвычай складаным і супярэчлівым: адначасова суіснавалі і ўзаемаўплывалі розныя рэалістычныя і авангардысцкія, мадэрнісцкія плыні (фавізм, футурызм, абстракцыянізм, кубізм, экспрэсіянізм, сюррэалізм і інш.). З другой паловы 20 ст. жывапіс актыўна развіваецца ў напрамках поп-арта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэалістычным кірунку.
[правіць] Жывапіс у Беларусі
На Беларусі жывапіс як самастойны від мастацтва пачаў фарміравацца ў 11–12 ст. Развіваўся пад значным уплывам візантыйскага выяўленчага мастацтва (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы і інш.). У 16–18 ст. меў месца росквіт партрэтнага жанру (напр., партрэты князёў, мітрапалітаў і інш.). На працягу 18–19 ст. у беларускім жывапісе праявіліся рысы класіцызму, рэалізму, рамантызму (творы І. Аляшкевіча, В. Ваньковіча, Я. Дамеля, Я. Сухадольскага). Патрыятычныя ідэі, сацыяльныя матывы адлюстраваліся ў блізкай да рэалізму творчасці К. Альхімовіча (карціны «На этапе», «Пахаванне Гедзіміна»), Н. Селівановіча («Салдат з хлопчыкам»), Я. Сухадольскага («Бітва пры Грунвальдзе») і інш. У пачатку 20 ст. творчасць М. Шагала і К. Малевіча паклала пачатак мастацтву авангарда ў Віцебску. Традыцыі нацыянальнай гісторыі і культуры знайшлі адлюстраванне ў творчасці Я. Драздовіча, М Філіповіча, П. Сергіевіча, М. Сеўрука і інш. На працягу 1950—80-х гадоў галоўную тэматычную лінію беларускага жывапісу складала асэнсаванне сутнасці і наступстваў былой вайны (партызанскі цыкл і серыя «Лічбы на сэрцы» М. Савіцкага, «3 ліпеня 1944 года» В. Волкава, «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» І. Ахрэмчыка, «Партызаны ў разведцы» Я. Ціхановіча і інш.). З 1960-х гадоў у жывапісе пераважалі абагульненасць форм, сімвалічнасць і манументальнасць вобразаў, т.зв. «суровы стыль» (творы М. Савіцкага, У. Стальмашонка, Г. Вашчанкі, В. Ткачова і інш.). Важнае месца ў жывапісе займала тэма духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі («Кастусь Каліноўскі» А. Гугеля і Р. Кудрэвіч, творы Л. Шчамялёва, А. Марачкіна, Г. Вашчанкі і інш.) У 1970–90-я гады ў жывапісе актывізаваліся творчыя пошукі, эксперыменты мастакоў, пашырыўся абстрактна-асацыятыўны метад, узмацнілася мастацкая экспрэсія (творы А. Ксяндзова, В. Альшэўскага, Ф. Янушкевіча, Р. Заслонава, А. Задорына і інш.), ускладнілася выяўленчая мова манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.
[правіць] Крыніцы
Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э.С. Дубянецкі; Маст. А.А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл ISBN 985-11-0277-6