Юрый Лістапад
З Вікіпедыя.
Юрый (Георгій) Іванавіч ЛІСТАПАД (7 красавіка 1897, в. Варкавічы Слуцкага пав. Мінскай губ. (цяпер Слуцкі раённ Мінскай вобласці) — 5 ліпеня 1938, Бамлаг), беларускі палітычны дзеяч, публіцыст.
Нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям’і. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў на Случчыне і ў Слуцку. Член Беларускай рады Случчыны; удзельнік Слуцкага збройнага чыну (1920). Выехаў у Польшчу. У 1922 вярнуўся ў Слуцк. Настаўнічаў, выкладаў на Слуцкіх агульнаадукацыйных курсах. У сярэдзіне 1920-х працаваў стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. Арыштаваны ДПУ БССР 22.10.1925; у сакавіку 1926 асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. Вызвалены ў лістападзе 1927. Зноў арыштаваны летам 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; вызвалены праз некалькі месяцаў. У ліпені 1933 перасяліўся ў Ржэў, працаваў рахункаводам Ржэўскага збожжанарыхтоўчага пункта (Калінінская вобл.). 28.10.1933 арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Асуджаны 9.1.1934 калегіяй АДПУ як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ» да 8 гадоў ППК. Этапаваны ў Байкала-Амурскі канцлагер АДПУ Далёкаўсходняга краю (Свабодны); паводзіў сябе там непакорліва. У жніўні 1935 на яго была заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 «тpойкай» НКУС прыгавораны за «антысавецкую агітацыю сярод зняволеных» да ВМП. Па прысудах 1934 і 1938 рэабілітаваны 18.4.1956. Групавая справа Ю. Лістапада і іншых (№ 10182-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) спынена 16.8.1956 пастановай КДБ БССР. Быў жанаты, меў дзіця.
23.4.1933 у Слуцку па адрасе: вул. Валадарскага, д. 88 быў арыштаваны аграном Слуцкай міжраённай насенняводчай канторы, бацька траіх дзяцей, Пётр Іванавіч Лістапад (нар. ў 1898 у в. Варкавічы Слуцкага пав.), верагодна, брат Ю. Лістапада. 8.5.1933 калегіяй АДПУ ён быў асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 3 гадоў высылкі. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 16.7.1958 трыбуналам БВА. Групавая справа П. Лістапада і іншых № 11070-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
[правіць] Творы
- Слуцкае вяселле // Беларусь. 1920, № 108—110;
- Узбіліся на свой шлях // Наша думка (Вільня). 1921, № 9—10.
Скаруліс С. Лістападаўская справа і Якуб Колас // Полымя. 1992, № 11 • Скаруліс С. Працяг трагедыі // Полымя. 1994, № 3 • Скідан В. Рэабілітаваны пасмяротна // Настаўніцкая газета. 1993, 24 сак. • ЭГБ, т. 4.
[правіць] Крыніцы
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. - Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.3. Кн.2. - Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9