See also ebooksgratis.com: no banners, no cookies, totally FREE.

CLASSICISTRANIERI HOME PAGE - YOUTUBE CHANNEL
Privacy Policy Cookie Policy Terms and Conditions
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі — Вікіпедыя

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі

З Вікіпедыя.

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (19.4.1881, Такары, Брэсцкі павет (Камянецкі раён) — 4.2.1931, Мінск), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык. Карыстаўся падпольнай мянушкай "Воўк" (у час удзелу ў БКА).

Член партыі эсэраў (1901—1917)[1], ЦК БСГ (чэрвень 1917 — 1918), ЦК БПС-Р (1918—снежань 1919), ЦК БКА (студзень—жнівень 1920, старшыня з лютага 1920), РКП(б) (30.7.1920), член ЦК КП(б)Б (з 1924 да 22.1.1931, адноўлены ў 1990) і Бюро ЦК КП(б)Б (з лістапада 1924 да кастрычніка 1930[1]), загадчык аддзела агітацыі і прапаганды ЦК (да 1926). Дэлегат ад КП(б)Б на V кангрэс Камінтэрна, член Бюро замежнай дапамогі (КПЗБ).

Нарком земляробства (па II Усебеларускім з'ездзе саветаў, снежань 1920 — 1921), нарком асветы (у перыяд паміж снежнем 1920 і восенню 1921 — 1926). Дэлегат на Усебеларускіх (V—IX) і Усесаюзных (I—V) з'ездах саветаў, у складзе Прэзідыума ЦВК БССР (1924—1930) і ЦВК БССР (1920—1930).

Духоўная адукацыя: Віленскае духоўнае вучылішча, пяць класаў Літоўскай духоўнай семінарыі (выключаны за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях моладзі[1]), скончыў Магілёўскую семінарыю (1902, "па першаму разраду").

Вышэйшая адукацыя: Санкт-Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут (нясконч., да верасня 1905), скончыў Юр'еўскі універсітэт (да восені 1907, жнівень 1909 — 1911, "на выдатна").

Настаўнік у г. Ладзейнае Поле Аланецкай губ. (восень 1907 — студзень 1909), у прыватнай гімназіі Вінаградава (Вільня, 1912—1914), выкладчык гісторыі, потым прафесар у Мінскім настаўніцкім інстытуце (з ліпеня 1914 да 1919, у т.л. у час эвакуацыі Ін-та ў Яраслаўль, жнівень 1915—верасень 1918).

Старшыня Інбелкульта (з 1926), першы прэзідэнт Акадэміі навук (з 1929 да 26.12.1930), першы дырэктар Інстытуту гісторыі АН (з 15.10.1929). Прафесар БДУ (1921—1930), старшыня таварыства гісторыкаў-марксістаў (1927—1928), член камісіі па перакладзе твораў Леніна на беларускую мову (1924—1930).

Ордэн св. Станіслава 3-й ст. і чын калежскага асэсара[2] (1915).

Змест

[правіць] У палітыцы

Член моладзевага гуртка партыі эсэраў (каля 1902—1905), удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях, у тым ліку 1905—1907. Неаднаразова выключаўся з навучальных установаў (з Літоўскай семінарыі, з Пецярбургскага інстытуту двойчы, другі раз трапіў у адміністрацыйную высылку ў Аланецкую губернію з пазнейшай забаронай жыць у пяці найбольшых гарадах Расіі[1]). Арганізатар аўтаномнай культурна-асветніцкай арганізацыі эсэраўскага кірунку "Наш край" (Яраслаўль, 1915), ператворанай у маі 1917 у арганізацыю "Маладая Беларусь" з арыентацыяй на праграму Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі арганізоўваў, з платформы левых эсэраў, Савет у Яраслаўлі. Выбраны ў ЦК БСГ (на канферэнцыі ў чэрвені 1917).

Пасля расколу БСГ увайшоў у ЦК Беларускай партыі эсэраў як прадстаўнік аўтаномнай арганізацыі "Маладая Беларусь" (1918).

Не падтрымаў Раду БНР, бо выступаў супраць апоры на нямецкі манархічны, не-народны дзяржаўны лад[3]. Лічыў нерэальнымі спадзяванні на дапамогу заходніх дзяржаваў або аслабленай Польшчы ў справе стварэння беларускай дзяржаўнасці. Адкідаў як прапольскую арыентацыю часткі беларускіх дзеячаў, так і эсэраўскую тактыку барацьбы на два фронты, супраць польскіх акупантаў і супраць савецкай улады.

У снежні 1919 з ініцыятывы Ігнатоўскага "Маладая Беларусь" парывае з БПС-Р, а 1.1.1920 ён удзельнічае ў стварэнні арганізацыйнага цэнтра Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), з канца лютага 1920 — старшыня ЦК БКА, у тым ліку кіруе партызанскай барацьбой (гл.таксама: Беларускі паўстанцкі камітэт).

Паслядоўна выступаў за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці ў час камуністычнай партыйнай дыскусіі 1920 году над гэтым пытаннем; падпісаў ад ЦК БКА Дэкларацыю аб абвяшчэнні ССРБ (31.7.1920). Член Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ (16.7.1920). Разам з БКА увайшоў у склад РКП(б) у ліпені—жніўні 1920.

Незразумелым застаецца эпізод з выездам Ігнатоўскага па сям'ю у Саратаўскую губернію вясной 1921. Там ён, у невысветленых акалічнасцях, быццам трапляў у палон да паўстанцаў Антонава, але ў час рэпрэсій гэты эпізод, які даваў магчымасць абвінавачання Ігнатоўскага ў сувязі з Антонавым, не быў развіты.

Адмовіўся ўдзельнічаць у савецкай дэлегацыі на падпісанні Рыжскага дагавора.[4].

Актыўны распрацоўшчык і арганізатар ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. Належаў да той часткі партыйна-савецкага кіраўніцтва, якая настойліва дамагалася (з 1920) ўзбуйнення БССР.

Разам з тым, адмоўна паставіўся да ініцыятывы Рады БНР (1921) па развязанні беларускага пытання праз стварэнне аб'яднанай беларускай буфернай некамуністычнай дзяржавы.

[правіць] У навуцы

Стваральнік Навукова-тэрміналагічнай камісіі, пазнейшага Інбелкульту, пры Наркамаце асветы (1921). Больш за 30 навуковых прац, сярод іх: "Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі" (1921), "Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота" (1922), "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" (кніга доўга была школьным падручнікам гісторыі; 5 выданняў — 1-е ў 1919 (канфіск. польск. акуп. уладамі), 2-е ў 1921 (у Беларусі) і тады ж, але без дазволу аўтара ў Вільні, 3-е выд., папраўл. і дапоўн., у 1921, 4-е выд., пераробл., у 1926, таксама ў Вільні ў 1927, 5-е выд., перавыд. 4-га, у 1991), "Беларусь" (4 выданні), "Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця" (3 выданні, 2-е ў 1926, 3-е ў 1928), "Каля магілы барацьбіта" (1927), "1863 год на Беларусі" (1930, манаграфія).

Курс гісторыі Ігнатоўскага ацэньваўся як "першы марксісцкі курс беларускай гісторыі" (С. Вальфсон, пач. 1929). Зараз многія аспекты гэтага курса расцэньваюцца як спрошчана-сацыялагічныя[1].

Увёў перыядызацыю гісторыі Беларусі, заснаваную на яе дзяржаўнай прыналежнасці[1] — перыяды Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі, Расійскі, Беларусь пасля звяржэння царызму.

Першым у беларускай гістарыяграфіі пачаў ужываць быццам не-польскую форму імя Каліноўскага — Канстанцін-Кастусь замест Вікенці (Вікенці Канстанцін)[1].

[правіць] Нацыянальнае адраджэнне

Ігнатоўскі адносіў ("Кароткі нарыс...") пачатак нацыянальнага адраджэння да канца 18 — пач. 19 ст., і прывязваў яго, сацыяльна, да працэсаў разлажэння феадальнага і фарміравання капіталістычнага ладу. Лічыў, што доўгае знаходанне ў складзе Рэчы Паспалітай прывяло да запаволення фарміравання беларускай нацыі на пачатковай стадыі. Беларуская мова была забытая, інтэлігенцыя ў асноўным злілася з інтэлігенцыяй Польшчы. Аднак, абуджэнне цікавасці да беларусаў прывяло да ўтварэння і плённай працы "беларускай школы" у польскай літаратуры (Чачот, Рыпінскі, Баршчэўскі і інш.), да прац Шыдлоўскага, Лукашэвіча, Ярашэвіча, да адраджэння беларускай літаратуры Дуніным-Марцінкевічам, да навуковых прац Калайдовіча, Шпілеўскага, Кіркора, Мікуцкага, Юркевіча і інш., потым Бяссонава, Шэйна, Раманава, Нікіфароўскага і інш. Меркаваў, што станоўчы ўплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай свядомасці зрабіла паўстанне 1863-1864. Адзначаў вялікую ролю Багушэвіча, Яна Неслухоўскага, прац Карскага.

Новы этап нацыянальнага адраджэння, як меркаваў Ігнатоўскі, быў адкрыты на пач. 20 ст. са з'яўленнем інтэлігенцыі родам з народных нізоў, сярод якой: Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Багдановіч і інш. Далей, як меркаваў Ігнатоўскі, з утварэннем БССР у беларусаў з'явілася і навуковая магчымасць культурна-нацыянальнага будаўніцтва.

[правіць] Паўстанне 1863-1864

У сваёй манаграфіі Ігнатоўскі ацаніў паўстанне як прагрэсіўны, бо скіраваны на вызваленне народаў Расійскай імперыі, рух буржуазна-дэмакратычнага характару. У магчымым вызваленні народаў Ігнатоўскі бачыў і значэнне паўстання.

Засяроджваўся, найперш, на сацыяльнай характарыстыцы дзейных сіл паўстання. Звярнуў увагу на падзел сялянства на тры часткі, нейтральную бальшыню, тых, хто падтрымаў паўстанне, і тых, хто выступіў "супраць панства".

Падкрэсліваў звяртанне "чырвоных" да беларускага сялянства, іх абяцанні зямлі і волі ў памерах, большых за царскія, лічыў што праграма "чырвоных" проціпаставіла не толькі сацыяльныя, але і нацыянальныя інтарэсы беларускага сялянства нацыянальным інтарэсам польскіх паноў і рускага самадзяржаўя. Лічыў рознагалоссі "чырвоных" і "белых" глыбейшымі ў Беларусі, чым у Польшчы, менавіта з прычыны гэтага проціпастаўлення. Праводзіў неабгрунтаваную думку пра сялянскі характар паўстання на беларускіх землях[1].

Гл.таксама: Паўстанне 1863—1864 у беларускай гістарыяграфіі.

[правіць] Ацэнкі

Ігнатоўскі карыстаўся вялікай павагай у студэнтаў, быў называны "бацькам"[1]. Яму быў прысвечаны верш Зм. Жылуновіча "Беларускі народ" (1924). Наогул, да пачатку "анты-нацдэмаўскіх" рэпрэсій, і нават пэўны час пасля іх пачатку, Ігнатоўскі захоўваў моцную пазіцыю ў партыйна-савецкім кіраўніцтве БССР, прайшоў, без прынцыповых заўваг, дзве партыйныя чысткі (1924, канец 1929).

Пачатак палітычнай крытыкі быў змяшаны з крытыкай навуковых поглядаў Ігнатоўскага (дыскусія вакол характару паўстання 1863 з С. Агурскім, даклад камісіі ЦК ВКП(б) па абследаванні практыкі вырашэння нацыянальнага пытання пад кір. У. Затонскага, 1929). Пазней у віну Ігнатоўскаму было пастаўлена стварэнне ў Беларусі "асобнай камуністычнай арганізацыі" (БКА). Мяркуецца, аднак, што тагачаснае партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР дапамагло Ігнатоўскаму, у адрозненне ад іншых дзеячоў, выйсці з-пад першай хвалі "анты-нацдэмаўскіх" рэпрэсій (1929). Гл.таксама: Мікалай Галадзед, Аляксандр Чарвякоў, Зміцер Жылуновіч.

Аднак, у кастрычніку 1930 Ігнатоўскі быў уцягнуты ў новую хвалю палітычнага пераследавання, гэтым разам у сувязі з яго нібыта прыналежнасцю да "Саюзу Вызвалення Беларусі". Было пачатае партыйнае расследаванне яго дзейнасці, Ігнатоўскі быў зняты з паста Прэзідэнта АН. Гл.таксама: Янка Купала.

У студзені 1931 усе абвінавачанні супраць яго былі не толькі пацверджаныя, але і пашыраныя, Ігнатоўскі быў выключаны з КП(б)Б (22.1.1931). Пачаліся допыты ў АДПУ, і назаўтра пасля аднаго з іх (3.2.1931) Ігнатоўскі застрэліўся.

У пазнейшы савецкі час асоба і творчасць Ігнатоўскага замоўчваліся, і атрымалі публічнасць толькі ў канцы 1980-х гадоў. Камуністычная партыя пасмяротна аднавіла членства Ігнатоўскага ў 1990 годзе[5].

[правіць] Сям'я

Ігнатоўскі паходзіў з сям'і вясковага настаўніка, родам з сялян. Быў жанаты (з 1908) з Марыяй Севасцянаўнай Арэф'евай. Сыны: Міхаіл, Юрый, Валянцін. Уся сям'я трапіла пад рэпрэсіі, Юрый і Валянцін былі расстраляныя ў 1937.

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 Анатоль Грыцкевіч. Уступны артыкул да 5-га выдання Кароткага нарысу гісторыі Беларусі.
  2. Відавочна, за ўдзел у выданні юбілейнага зборніка да 300-годдзя дому Раманавых (1913). Ігнаценка, Кароль. С.8,9.
  3. Ігнаценка, Кароль, С.14.
  4. Паводле яго ўласных словаў: "адмовіўся, як жа гэта так, усё ж такі — рэзаць Беларусь". Адметна, што гэтая адмова не трапіла ў абвінаваўчы матэрыял у час рэпрэсій
  5. Вядома, што дакументацыя на неабгрунтаванасць абвінавачанняў у антыпартыйнай дзейнасці Ігнатоўскага была падрыхтаваная яшчэ ў 1979, у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, У. Міхнюком і М. Сташкевічам, аднак, ніякай пастановы па ёй не рабілася.

[правіць] Літаратура

  • Iгнаценка I.М., Кароль А.С. "Пад сцяг чырвоны..." // Полымя, 1988, No.5.
  • Акадэмiк У.М. Iгнатоўскi: Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння. Мінск, 1993.

[правіць] Крыніцы

  • Іларыён Ігнаценка, Аляксей Кароль. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. — Мн.: Беларускі Дом Друку, 1991. — 123 с.
  • (Мікалай Касцюковіч). The 1st President - Vsevolod M. IGNATOVSKII // [THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS]. — У Сеціве.
На іншых мовах


aa - ab - af - ak - als - am - an - ang - ar - arc - as - ast - av - ay - az - ba - bar - bat_smg - bcl - be - be_x_old - bg - bh - bi - bm - bn - bo - bpy - br - bs - bug - bxr - ca - cbk_zam - cdo - ce - ceb - ch - cho - chr - chy - co - cr - crh - cs - csb - cu - cv - cy - da - de - diq - dsb - dv - dz - ee - el - eml - en - eo - es - et - eu - ext - fa - ff - fi - fiu_vro - fj - fo - fr - frp - fur - fy - ga - gan - gd - gl - glk - gn - got - gu - gv - ha - hak - haw - he - hi - hif - ho - hr - hsb - ht - hu - hy - hz - ia - id - ie - ig - ii - ik - ilo - io - is - it - iu - ja - jbo - jv - ka - kaa - kab - kg - ki - kj - kk - kl - km - kn - ko - kr - ks - ksh - ku - kv - kw - ky - la - lad - lb - lbe - lg - li - lij - lmo - ln - lo - lt - lv - map_bms - mdf - mg - mh - mi - mk - ml - mn - mo - mr - mt - mus - my - myv - mzn - na - nah - nap - nds - nds_nl - ne - new - ng - nl - nn - no - nov - nrm - nv - ny - oc - om - or - os - pa - pag - pam - pap - pdc - pi - pih - pl - pms - ps - pt - qu - quality - rm - rmy - rn - ro - roa_rup - roa_tara - ru - rw - sa - sah - sc - scn - sco - sd - se - sg - sh - si - simple - sk - sl - sm - sn - so - sr - srn - ss - st - stq - su - sv - sw - szl - ta - te - tet - tg - th - ti - tk - tl - tlh - tn - to - tpi - tr - ts - tt - tum - tw - ty - udm - ug - uk - ur - uz - ve - vec - vi - vls - vo - wa - war - wo - wuu - xal - xh - yi - yo - za - zea - zh - zh_classical - zh_min_nan - zh_yue - zu -