Сяргей Іванавіч Сідор
З Вікіпедыя.
Сяргей Іванавіч СІДОР (25 мая 1937, в. Янаўшчына Зэльвенскага раёна - 17 ліпеня 1998), беларускі географ, доктар педагагічных навук (1991), прафесар (1992).
Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1964). З 1971 у Магілёўскім педагагічным інстытуце. З 1974 ў БДУ, адначасова з 1995 намеснік рэдактара часопіса "Геаграфія: Праблемы выкладання". Навуковыя працы па эканамічнай геаграфіі Беларусі, методыцы выкладання геаграфіі. Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі ў школах незалежнай Беларусі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.
Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Стваральнік беларускага навуковага геаграфічнага тэзаўруса і тэрміналогіі. Актыўна адстойваў права сацыяльна-эканамічнай геаграфіі на існаванне, імкнуўся рабіць савецкую, а потым і беларускую, СЭГ канструктыўнай, лічыў мэтазгодным вывучэнне СЭГ і ў эканамічных ВНУ, выступаў супраць падмены СЭГ іншымі курсамі, па сутнасці тоеснымі ёй. Стваральнік першага ў незалежнай Беларусі паўнавартаснага падручніка па геаграфіі Беларусі, дзе ўсебакова ахарактарызавана краіна, забяспечыў адзінства геаграфіі ў рамках школьнага курсу. Карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод выкладчыкаў, студэнтаў, настаўнікаў і вучняў за сумленнасць, сціпласць і прастату, працавітасць і высокае пачуццё абавязку, за імкненне удасканальваць і паляпшаць.
Працягваў справу, распачатую А. А. Смолічам у працы "Географія Беларусі" (1923), апісаў Беларусь у геаграфічным ракурсе ("Геаграфія Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", 1993; "Займальная геаграфія Беларусі", 1995, у сааўтарстве; "Геаграфія Беларусі ў пытаннях і адказах", 1998, у сааўтарстве).
[правіць] Творы
- Сидор С.И. Социально-экономическая география СССР: наука и учебная дисциплина. - Мн.: Университетское, 1989.
- Тэорыя сацыяльна-эканамічай геаграфіі: Курс лекцый. - Мн.: БДУ, 2001 (у сааўтарстве).
- Геаграфічныя паняцці і тэрміны. - Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1993.