Елка еўрапейская
З Вікіпедыя.
ЕЛКА ЕЎРАПЕЙСКАЯ, звычайная (лац. Picea abies), вечназялёнае дрэва роду елка сямейства хваёвых.
Вышыня дрэў 30-35 м, дыяметр да 100-120 см. Крона густая, конусападобная. Ігліца цёмна-зялёная, чатырохгранная, завостраная. Жаночыя шышкі напачатку чырвоныя, пазней бурыя, выцягнутыя, яйкападобныя; мужчынскія шышкі дробныя, чырвоныя або жоўта-зялёныя.
Ценевынослівае дрэва. Жыве да 300 гадоў і больш.
На Беларусі елка еўрапейская пашырана ў паўночнай і цэнтральнай частках, дзе ўтварае яловыя лясы. На поўдні трапляецца рэдка: на Палессі вядома 32 астраўныя ўчасткі, 3 з іх у Маларыцкім і Брэсцкім раёнах, дзе расце карпацкая форма елкі еўрапейскай. Цвіце елка ў маі-чэрвені, шышкі выспяваюць восенню.
Драўніна выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, цэлюлознай прамысловасці. Елка часта сустракаецца ў ахоўных насаджэннях уздоўж дарог.