Данута Бічэль-Загнетава
З Вікіпедыя.
Данута БІЧЭЛЬ-ЗАГНЕТАВА (нар. 3 снежня 1937[1]/1 студзеня 1938[2], в. Біскупцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці), беларуская паэтка. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож». Узнагароджана медалём.[2] Займаецца грамадскай, літаратурнай, асветніцкай дзейнасцю.
Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Скончыла Навагрудскае педагагічнае вучылішча (1957), аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (1962) З 1962 выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гродна. Член СП СССР (1964). З 1982 загадчыца Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродна. Член Беларускага ПЭН-цэнтра (1989).[2] Вядомая грамадская дзеячка, адна з арганізатараў і актыўных удзельнікаў суполкі Максіма Багдановіча, з верасня 1988 - член БНФ. Прымала ўдзел у мітынгах, якія праходзілі ў Гродна. Каардынавала дзейнасць рэгіянальных суполак БНФ у Гродзенскай вобл. Была адным з ініцыятараў выпуску самвыдавецкай газэты "Рэанімова". Уваходзіла ў групу падтрымкі кандыдата ў дэпутаты ВС БССР М. Ткачова (1990).[1]
У друку выступае з 1958 (газета "Літаратура і мастацтва"). Аўтар зборнікаў паэзіі: "Дзявочае сэрца" (1961), "Нёман ідзе" (1964), "Запалянкі" (1967), "Доля" (1972), "Ты - гэта ты" (1976), "Браткі" (1979), "Дзе ходзяць басанож" (1983), "Загасцінец" (1985), "Даўняе сонца" (1987), "А на Палессі" (1990). Напісала паэмы і кніжкі вершаў для дзяцей: "Перапёлка" (1968), "Грыб-парасон" (1969), "Дзічка" (1971), "Рыжая палянка" (1971), "Дагані на кані" (1973), "Лузанцы" (1982), "Габрынька і Габрусь" (1985). [2]
Гардзіцкі А.К. Бічэль-Загнетава Данута // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X. • Дэмакратычная апазіцыя Беларусі. 1956-1991 гг. Персанажы і кантэксты. Рэд. А.Дзярновіч. – Мн., 1999. ISBN 985-6374-08-1.