See also ebooksgratis.com: no banners, no cookies, totally FREE.

CLASSICISTRANIERI HOME PAGE - YOUTUBE CHANNEL
Privacy Policy Cookie Policy Terms and Conditions
Беларуска-літоўскія летапісы — Вікіпедыя

Беларуска-літоўскія летапісы

З Вікіпедыя.

Беларуска-літоўскія летапісы, да сяр. 19 ст. літоўскія летапісы, пазней часта заходнярускія летапісы, летапісы, у якіх выкладзена гісторыя Вялікага княства Літоўскага, і якія напісаныя на тэрыторыі гэтай дзяржавы.[1] Беларуска-літоўскія летапісы, як з'ява агульнадзяржаўнага летапісання, складаліся з сярэдзіны 13 ст. да сярэдзіны 16 ст. З сяр. 17 ст., праз 100 гадоў пасля спынення агульнадзяржаўнага летапісання, у розных гарадах Беларусі пачалі складацца хронікі, прысвечаныя пераважна падзеям у гэтых гарадах — гарадскія хронікі. Цэнтрам б.-л. летапісання прызнаецца Смаленск тых часоў, калі горад знаходзіўся ў складзе ВКЛ. Існаванне летапісання ў Наваградку эпохі 13 ст. не выключаецца[2].

Вялікая частка беларуска-літоўскіх летапісаў была страчаная ў выніку войнаў і культурных чыстак, ацалелыя часта не захаваліся цалкам. У двух тамах Поўнага збору рускіх летапісаў, тамы 32-ы (М., 1975) і 35-ы (М., 1980), былі апублікаваныя 17 летапісаў, вядомых (ацалелых) у новы час. Апроч гэтага, у М. Стрыйкоўскага былі звесткі аб яшчэ 15 летапісах, аніводны з якіх не захаваўся. Відаць, у Сярэднявеччы наогул існавала значна большая колькасць беларуска-літоўскіх летапісаў, і карыстанне імі было даступным нават для людзей сярэдняга дастатку[3].

Да сяр. 19 ст. такія летапісы называліся «літоўскімі», пазней пачалі прапаноўвацца шматлікія іншыя назвы, такія, як «беларускія аб Вялікім княстве Літоўскім» (О. М. Бадзянскі, 1846), «беларускія» (М. І. Кастамараў, 1861, В. А. Чамярыцкі, 1969), «літоўска-рускія» (І. А. Ціхаміраў, 1901), «заходнярускія» (А. А. Шахматаў, 1901), «летапісы Вялікага княства Літоўскага» (Р. К. Батура і В. Т. Пашута, 1977). Найчасцей у 20 ст. такія летапісы называліся літоўскімі або заходнярускімі.

[правіць] Гістарыяграфія

Навуковае вывучэнне беларуска-літоўскіх летапісаў пачалося з публікацыі І. Н. Даніловічам Супрасльскага летапісу (18231827) і яго працы па «літоўскіх» летапісах (1840, руск.выд.; 1841, польск.выд.; 1846, польск. 2-е выд.), якая застаецца шмат у чым актуальнай і зараз. Пазней Т. Нарбут зрабіў палеаграфічнае даследаванне «Хронікі Быхаўца» (1838) і выдаў яе поўны тэкст (1846).

Фактычна, яшчэ раней да сюжэтаў «літоўскіх» летапісаў звяртаўся А. Л. Шлёцэр, але палічыў іх існаванне нябылым, бо ў яго час самі гэтыя летапісы не былі вядомымі, а меліся толькі спасылкі на іх М.Стрыйкоўскага, і апроч таго, Шлёцар атаясамліваў ВКЛ з этнічнай Літвой, а магчымасць існавання граматнасці звязваў з прыняццем хрысціянства (у этнічнай Літве — 1386), а пад «літоўскімі» разумеў помнікі, пісаныя на літоўскай мове, якіх, сапраўды, не існавала. Таксама існаванне летапісаў, пісаных жыхарамі ВКЛ, адмаўляў Крашэўскі.

З сяр. 19 ст. вывучэнне «літоўскіх» летапісаў актывізуецца, хоць і ненадоўга. Апроч выдання Нарбутам «Хронікі Быхаўца» (1846), Бадзянскі выдаў урыўкі з летапісу Рачынскага (1846), А. Н. Папоў — частку Слуцкага (Увараўскага) летапісу (1854). У «Лекцыях па рускай гісторыі» Кастамарава (1861) «беларускім» летапісам прысвячаецца невялікі раздзел. Аднак, пасля гэтага ў вывучэнні гэтай праблемы настаў перыяд застою, які так збянтэжыў Расійскую акадэмію навук, што ва ўмовы конкурсу прац на 10-ю прэмію графа Уварава (1868) было ўнесена пажаданне, каб спаборнікі прысвяцілі свае даследаванні «заходнярускім» летапісам (гл.таксама: заходнерусізм).

У 1880-я гады невялікія часткі сваіх прац па гісторыі Украіны прысвяцілі «літоўскім» («рускім», «руска-літоўскім») летапісам гісторыкі М. Малчаноўскі, Е. Аганоўскі, В. Б. Антановіч і М. Дашкевіч (1885), пазней — М. С. Грушэўскі (1895).

У 1880-я—1890-я гг. вывучэннем «літоўскіх» летапісаў займаліся польскія навукоўцы І. Шараневіч (1882), С. Смолька (1890), А. Прохаска (1890). Найважнейшай высновай Шараневіча стала прывязка (упершыню) цэнтру беларуска-літоўскага летапісання да Смаленска.

У 1901 выйшла напісаная яшчэ ў 1881 праца І. А. Ціхамірава «Аб саставе заходнярускіх, гэтак званых літоўскіх летапісаў», а ў 1910 і 1912 — дзве працы Я. Якубоўскага.

Дакастрычніцкі перыяд гістарыяграфіі беларуска-літоўскага летапісання завершыла напісаная яшчэ да 1917 манаграфія Ф. Сушыцкага (19211929) «Заходне-рускія летапісы як помнікі літаратуры», якая выявілася непераўзыйдзенай як у сэнсе поўнасці выкарыстання першакрыніц (у пар. з 1980-мі гг. не ўлічвалася толькі «Хроніка Літоўская і Жмойская»), так і літаратуры аб іх, аднак, не ўлічвала прац Якубоўскага. Пад гэты час склалася класіфікацыя б.-л. летапісаў на 2 ці 3 групы, прычым Хроніка Быхаўца заўсёды называлася поўным спіскам. Сушыцкі падзяліў летапісы на кароткія (Супрасльскі (асноўны з кароткіх), Слуцкі (Увараўскі), Нікіфараўскі,Акадэмічны, Віленскі летапісы, летапіс Дуброўскага), складаныя (Румянцаўскі, Красінскага (абодва — асноўныя складаныя), Археалагічнага таварыства, Ціханравава, Рачынскага, Яўрэінаўскі, Патрыяршы), поўныя (Хроніка Быхаўца). Таксама да дакастрычніцкіх прац належала манаграфія А. А. Шахматава «Агляд рускіх летапісных зводаў XIV—XVI вв.» (выд. 1938), адна з частак якой цалкам прысвячалася б.-л. летапісам.

Першым пасля 1917 да б.-л. летапісаў звярнуўся У. Пічэта, які выдзяліў «літоўска-беларускія летапісы» як адзін з асобных відаў крыніц у працы «Уводзіны ў рускую гісторыю» (1922), і наогул увёў паняцце «крыніцы па гісторыі Беларусі».

Літоўская гістарыяграфія звярнулася да вывучэння летапісаў, пачынаючы з некалькіх невялікіх артыкулаў, апублікаваных у міжваенны перыяд (К. Авіжоніс, І. Ёнінас, І. Жылюс).

У пасляваенныя гады асноўныя даследаванні б.-л. летапісаў адбываліся ў Літве і Беларусі. Так, у 1968 выйшла манаграфія М. Ючаса «Літоўскія летапісы» (асноўная ўвага звернута на легендарныя часткі летапісаў і іх крытыку, на разбор «Хроніку Быхаўца», на «Кроніку» Стрыйкоўскага і яе крытыку). У 1969 выйшла праца В. А. Чамярыцкага «Беларускія летапісы як помнік літаратуры», дзе была прапанавана новая класіфікацыя летапісаў на 4 групы, паводле прыналежнасці да асобных зводаў. У 1-ю групу былі аднесены летапісы Віленскі, Дуброўскага, Origo regis, Пагодзінскі, БАН №34.4.32, ЦГАДА № 20/25, дзе захаваўся «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», у 2-ю групу (1-ы звод) — Нікіфараўскі, Акадэмічны, Супрасльскі, Слуцкі, у 3-ю (2-і звод) — Красінскага, Патрыяршая Б (адзін з летапісных урыўкаў са зборніка №790 ГІМ), Ціханравава, Познанскі (Рачынскага), Яўрэінаўскі, у 4-ю (3-і звод) — Хроніку Быхаўца.

У 1985 годзе выйшла манаграфія М. Улашчыка «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання». Гарадскія хронікі да 1980-х гадоў не даследаваліся ніяк[4].

  1. Такая дэнамінацыя была прапанаваная М. М. Улашчыкам.
  2. Улашчык, С.238.
  3. Улашчык, С.237.
  4. Улашчык, С.28.

Літ.: Н. Н. Улащик. Введение в изучение белорусско-литовского летописания / Отв. ред. В. И. Буганов; Академия наук СССР, Ин-т истории СССР. — М.: Наука, 1985. — 259 с. С.3—8, 9—28, 237—238.


aa - ab - af - ak - als - am - an - ang - ar - arc - as - ast - av - ay - az - ba - bar - bat_smg - bcl - be - be_x_old - bg - bh - bi - bm - bn - bo - bpy - br - bs - bug - bxr - ca - cbk_zam - cdo - ce - ceb - ch - cho - chr - chy - co - cr - crh - cs - csb - cu - cv - cy - da - de - diq - dsb - dv - dz - ee - el - eml - en - eo - es - et - eu - ext - fa - ff - fi - fiu_vro - fj - fo - fr - frp - fur - fy - ga - gan - gd - gl - glk - gn - got - gu - gv - ha - hak - haw - he - hi - hif - ho - hr - hsb - ht - hu - hy - hz - ia - id - ie - ig - ii - ik - ilo - io - is - it - iu - ja - jbo - jv - ka - kaa - kab - kg - ki - kj - kk - kl - km - kn - ko - kr - ks - ksh - ku - kv - kw - ky - la - lad - lb - lbe - lg - li - lij - lmo - ln - lo - lt - lv - map_bms - mdf - mg - mh - mi - mk - ml - mn - mo - mr - mt - mus - my - myv - mzn - na - nah - nap - nds - nds_nl - ne - new - ng - nl - nn - no - nov - nrm - nv - ny - oc - om - or - os - pa - pag - pam - pap - pdc - pi - pih - pl - pms - ps - pt - qu - quality - rm - rmy - rn - ro - roa_rup - roa_tara - ru - rw - sa - sah - sc - scn - sco - sd - se - sg - sh - si - simple - sk - sl - sm - sn - so - sr - srn - ss - st - stq - su - sv - sw - szl - ta - te - tet - tg - th - ti - tk - tl - tlh - tn - to - tpi - tr - ts - tt - tum - tw - ty - udm - ug - uk - ur - uz - ve - vec - vi - vls - vo - wa - war - wo - wuu - xal - xh - yi - yo - za - zea - zh - zh_classical - zh_min_nan - zh_yue - zu -