Уладзіслаў Галубок
З Вікіпедыя.
Уладзіслаў ГАЛУБОК, сапр.: Уладзіслаў Іосіфавіч ГОЛУБ (3(15) мая 1882, станцыя Лясная Навагрудскага пав. Мінскай губ. (цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) — 28 верасня 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы і крыптанімы: В.Галубок; У.Галубок; Уладыслаў Галубок; Hałubok; Сымонка; Symonka; Г-к; В. Г-к; Г-у-к), беларускі драматург, празаік, рэжысёр, акцёр, мастак.
Вучыўся ў мінскіх мастакоў. Пачаў літаратурную дзейнасць як паэт і празаік у 1908: друкаваўся ў газеце "Наша ніва", часопісе "Лучынка", альманаху "Маладая Беларусь" і інш. У 1913 выдаў зборнік "Апавяданні" (Пецярбург). З 1917 выступаў як драматург; напісаў каля 40 п’ес з жыцця беларускага народа, якія шырока ставіліся ў беларускіх тэатрах. У ліпені 1915 — пачатку 1917 адзін з кіраўнікоў Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (Мінск). У 1917—1920 выступаў як акцёр і рэжысёр у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі. Летам 1920 узначаліў Драматычную секцыю культурна-асветніцкай арганізацыі "Папараць-кветка" ў Слуцку. У 1920 арганізаваў у Мінску Трупу беларускіх артыстаў (з 1926 Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр, з 1932 Беларускі трэці дзяржаўны тэатр з базай у Гомелі), дзе яго талент раскрыўся найбольш ярка і поўна. Першы народны артыст Беларусі (1928). Праводзіў вялікую культурна-асветную работу, дапамагаў мастацкай самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, публікаваўся ў перыядычным друку. Як мастак-дэкаратар афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Арыштоўваўся ў 1919, 15.2.1920 і ў верасні (або студзені) 1924. З канца 1920-х пачаліся ганенні на У. Галубка. Ён быў адхілены ад мастацкага кіраўніцтва БДТ-3. Арыштаваны 21 чэрвеня 1936. Расстраляны ў 1937. Жонка У. Галубка. пасля арышту мужа спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Рэабілітаваны 26 жніўня 1957. У 1982 адкрыта Грамадская гасцёўня імя У. Галубка (Траецкае прадмесце ў Мінску), зняты дакументальны фільм "Уладзіслаў Галубок".
[правіць] Творы
- П’есы. Мн., 1968;
- Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. Мн., 1983.
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969 • Адхінуўшы заслону часу…: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. Мн., 1979 • Карабанава Л. В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982 • БП, т. 2 • ЭГБ, т. 2.
[правіць] Крыніца
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. - Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9