Георгій Фёдаравіч Мірчынк
З Вікіпедыя.
Георгій Фёдаравіч МІ́РЧЫНК (13(25).4.1889, Масква – 10.4.1942, Саратаў), беларускі і савецкі геолаг, доктар геалагічных навук (1936), правадзейны член АН БССР (1940). Член прэзідыума савецкай секцыі Міжнароднай асацыяцыі па вывучэнні чацвярцічнага перыяду з 1932, віцэ-прэзідэнт з 1939, прэзідэнт з 1941. Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцягу (1937). Аўтар 146 апублікаваных прац, з іх больш за 20 па тэрыторыі Беларусі.
Паходзіў з сям'і педагога-асветніка, лужычанскага[1] паходжання. Скончыў (з залатым медалём) Маскоўскую практычную акадэмію камерцыйных навук (1907). Скончыў (з залатым медалём за кандыдацкую працу) фізіка-матэматычны фак-т Маскоўскага ун-ту (1912). Пры кафедры геалогіі, прыват-дацэнт (1915). Дацэнт, прафесар (1918), заг. кафедрай, прарэктар Маскоўскага ун-та (да 1930), Маскоўскай горнай акадэміі (1928), Межавага ін-та, праф. і заг. кафедры Маскоўскага геолагавыведніцкага ін-та (1930 – 1941), заг. аддзелу чацвярцічнай геалогіі Геалагічнага ін-та АН СССР (1934 – 1941). Выкладаў курсы палеанталогіі, геалогіі СССР, гістарычнай геалогіі. Асабліва вядомым быў ягоны курс лекцый па чацвярцічнай геалогіі.
Быў арыштаваны ў Маскве 23.6.1941, памёр у Саратаўскай турме. Быў цалкам рэабілітаваны ў 1990.
[правіць] У навуцы
У пачатку навуковай дзейнасці вывучаў верхнекрэйдавыя і ніжнетрацічныя адклады Крыму і Пензенскай губерні (у студэнцкія гады), фасфарытавых адкладаў Беларусі і Украіны (1912 – 1919). У далейшым займаўся даследваннямі чацвярцічнага (антрапагенавага) перыяду геалагічнай гісторыі, стварыў унікальны комплексны метад вывучэння гэтага перыяду.
Заснаваў савецкую школу геолагаў-чацвярцічнікаў (гл. таксама: ru:Н. М. Страхов, ru:В. В. Меннер, ru:В. И. Громов, ru:А. И. Москвитин, ru:Е. В. Шанцер, ru:Н. И. Николаев, ru:К. В. Никифорова, ru:М. М. Жуков). Асаблівае значэнне мелі яго працы па геалагічным картаванні, найперш, такія выдатныя абагульненні геалогіі чацвярцічнага перыяду, як карты чацвярцічных адкладаў еўрапейскай часткі СССР, у т.л. Усходняй Беларусі (1923, 1927) і міжнароднай чацвярцічнай карты Еўропы
Зрабіў значны навукова-гаспадарчы ўнёсак, напр., рабіў даследванні для высвятлення ўмоваў водазабеспячэння, удзельнічаў у распрацоўцы праблемы водазабеспячэння Менску (1928), вышуканні будматэрыялаў, фасфарытавых залежаў і росыпных радовішчаў, вывучаў тэхніка-геалагічныя абставіны дзеля пракладвання шашовых і чыгуначных ліній, быў кансультантам на мностве гідратэхнічных будоўляў, напр., каналу Масква-Волга (узнаг. ордэнам), Куйбышаўскага і Салікамскага гідравузлоў і інш.
Зрабіў істотны ўнёсак у развіццё геалогіі ў Беларусі, апублікаваў шэраг прац па вывучэнні фасфарытавых залежаў Магілёўскай вобл., геалагічным даследванні ўздоўж будаваных у Беларусі чыгуначных ліній (1917, 1918, 1921, 1930-я), геалагічнай і гідрагеалагічнай здымцы шэрагу лістоў, суадносінах рачных тэрасаў і стаянак палеалітычнага чалавека ў басейне Дзісны і Сожа (1929), стратыграфіі, карэляцыі чацвярцічных адкладаў еўрапейскай часткі СССР (1933, укл. усходнюю частку Беларусі) і інш.
- ↑ Лужычане (лужыцкія сорбы) каля Дрэздэна (Бауцэн ці Будашын)
- Ляўкоў Э. А. Мірчынк // БелСЭ т.7 с.261
- Гарецкий Р. Г. Предисловие // Академик Г. Ф. Мирчинк: Знаток истории Земли / Сост. Л. Н. Турбина; Под ред. Р. Г. Гарецкого. – Мн.: Беларуская навука, 1999. ISBN 985-08-0147-6.