Рэферэндум у Беларусі, 1995
З Вікіпедыя.
рэферэндум у Беларусі (14.5.1995), рэферэндум, які быў праведзены з ініцыятывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, падтрыманай радам партый і грамадскіх арганізацый, і згодна з пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь № 3728 - ХІІ «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і мерах па яго забяспячэнні» ад 13.4.1995.
[правіць] Пытанні
На галасаванне былі пастаўленыя чатыры пытанні, першыя тры з іх — на абавязковы рэферэндум, пастанова якога насіла канчатковы характар, а чацвёртае — на кансультацыйны, пастанова якога насіла рэкамендацыйны характар:
1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй?
4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?[1]
[правіць] Вынікі
Вынікі рэферэндума былі абвешчаныя Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 22.5.1995.
Паводле афіцыйных звестак у спісы грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме, было ўключана 7.445.820 чалавек, бюлетэні для галасавання атрымалі 4.830.582 чалавекі (64,8%), у галасаванні ўзялі ўдзел 4.823.482 чалавекі.
За адабрэнне пытання «Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?» выказаліся 4.017.273 чалавекі (88,3% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання або 53,9% ад колькасці ўсіх, хто мае права голасу), супраць — 613.516 чалавек (12,7% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 192.693 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
За адабрэнне пытання «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» выказаліся 3.622.851 чалавек (75,1% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 988.839 чалавек (20,5% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 211.792 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
За адабрэнне пытання «Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй?» выказаліся 4.020.001 чалавек (83,3% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 602.144 чалавек (12,5% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 201.337 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
За адабрэнне пытання «Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?» выказаліся 3.749.266 чалавек (77,7% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 857.485 чалавек (17,8% ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 216.731 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.
- ↑ Фармулёўкі па-беларуску пд. М. Пастухоў.
[правіць] Крыніцы
- Сообщение Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов "Об итогах голосования на республиканском референдуме 14 мая 1995 года". — На афіцыйнай пляцоўцы Цэнтрвыбаркама
- Протокол Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов "Об итогах голосования на республиканском референдуме, который проводился 14 мая 1995 года в соответствии с постановлением Верховного Совета Республики Беларусь от 13 апреля 1995 года №3728-XII". — На афіцыйнай пляцоўцы Цэнтрвыбаркама.
- Міхаіл Пастухоў. Ці законны рэферэндум 1995 года адносна надання дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы; ТБМ імя Ф.Скарыны. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.