Пост
З Вікіпедыя.
Пост — у многіх рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царкоўнай рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэлігійную санкцыю. У мусульманаў важнае месца займае пост ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — паводле зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.
Хрысціянская царква не забараняе мясную ежу, але абмяжоўвае яе спажыванне ў некаторыя перыяды царкоўнага году. Мэты посту:
- часовае ўніканне жывёльнай ежы;
- практыкаванне волі праз паслухмянасць да Царквы;
- сувязь штодзённага харчавання з рытмам літургічнага календару.
Пры пэўных абставінах магчымае паслабленне ці скасаванне посту (падарожжа, хвароба, надзвычайныя здарэнні і г.д.). На час посту забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах.
У праваслаўнай царкве існуюць пасты рознай ступені:
- Вельмі строгі пост — сухаядзенне (спажываюць толькі раслінную ежу без алею).
- Строгі пост — можно спажываць любую вараную раслінную ежу з алеем.
- Звычайны пост — апроч таго, што ядуць у строгі пост, можна спажываць яшчэ і рыбу.
- Паслаблены пост (для нямоглых, падарожных і г.д.) — дапускаецца ўсё, апроч мяса.
Праваслаўной царквой усталяваныя чатыры працяглыя пасты: Вялікі пост (перадвялікодны, строгі, 7 тыдняў), Пятроў пост (звычайны, перад святам апосталаў Пятра і Паўла 29 чэрвеня, ад 8 да 42 дзён), Успенскі (перад святам Успення Маці Божай, строгі), Раствовы (Філіпаў) пост, з 28 лістапада па 7 студзеня. Апроч таго, серада і пятніца — посныя дні на працягу ўсяго году, акрамя асобных перыядаў. Таксама ёсць ёсць некалькі асобных аднадзённых пастоў. У праваслаўных пасты займаюць каля 200 дзён у год.
У католікаў пост не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых пастоў, хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы. Каталіцкі касцёл заклікае вернікаў устрымлівацца ад мясных страў па пятніцах, а таксама 24 снежня (у Вігілію Божага Нараджэння існуе традыцыя захоўваць строгі пост да першай зоркі). У Папялец і Вялікую пятніцу вернікі мусяць датрымліваць і колькасны пост: адзін прыём ежы дасыта (паводле традыцыі, некаторыя захоўваюць строгі пост — на хлебе і вадзе). Пасты ў іншыя дні або больш працяглыя перыяды часу (Адвэнт ці Вялікі пост) прыймаюцца па рашэнню саміх вернікаў. Пост у пятніцу і Вігілію абавязковы для ўсіх пасля 14-гадовага ўзросту, а ў Папялец і Вялікую пятніцу — для ўсіх вернікаў (апроч хворых і нямоглых) ад паўналецця да 60 гадоў.
У праваслаўі ў посныя дні з рацыёну цалкам выключаются ўсе прадукты жывёльнага паходжання (мяса, птушка, малочныя прадукты, яйкі, жывёльныя тлушчы і г.д.). Прадукты расліннага паходжання, а таксама рыбу і алей спажываюць ва ўмеркаванай колькасці. Падобнага характару харчавання прытрымліваюцца ў пасты і многія каталікі.
[правіць] Крыніцы
- Белы А. Пост // Праект "Наша ежа"