Мацей Мяхоўскі
З Вікіпедыя.
Мацей Мяхоўскі, Мацей з Мяхова, Мацей Мехавіт (~1457 — 1523): польскі гісторык, географ, прафесар медыцыны, астролаг.
Найбольш вядомы як аўтар прац «Хроніка палякаў», «Трактат аб дзвюх Сарматыях». Быў 8 разоў абраны рэктарам Кракаўскага універсітэта. Лічыцца, што універсітэт абавязаны яму сваім росквітам. Быў вядомы сваёй дабрачыннасцю.
[правіць] Хроніка палякаў
Самая вядомая праца Мяхоўскага. Неўзабаве пасля таго, як гэтая праца была выданая (1519), увесь арыгінальны тыраж быў канфіскаваны згодна з загадам кароннага канцлера Яна Ласкага. Пасля гэтага частку старонак замянілі на новыя, адрэдагаваныя самім канцлерам. Змены тычыліся шлюбу Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай, элекцыі Яна Ольбрахта і яго валошскага паходу 1497 году, панавання Аляксандра і некаторых іншых падзей.
Мяхоўскі ў сваёй працы пісаў не столькі аб палітыцы, колькі аб культуры; замест прыярытэту ў гістарычнай працы палітыкі, дзяржаўнай арганізацыі, асобы і яе вялікіх учынкаў увёў паняцці аб нараджэнні і пачатках плямёнаў і народаў, славянскай супольнасці, адводзіў Польшчы цэнтральнае месца ў славянскім свеце.
Ён выказаў гіпотэзу пра аўтахтоннасць славян і лакалізаваў іх прарадзіму ў Псарах. Ён цікавіўся галоўным чынам усходняй праблематыкай, шмат увагі аддаваў падзеям у ВКЛ, апісаў усе палітычныя акцыі ВКЛ. Аўтар крытыкаваў эканамічныя супярэчнасці ў княстве, якія прыводзілі да падзелу грамадства на два слаі — сялянства і магнатаў.
[правіць] Трактат аб дзвюх Сарматыях
У гэтай працы Мяхоўскі ўпершыню звярнуў увагу на этнаграфічныя асаблівасці Русі, Літвы і Жмудзі. Таксама ён узгадаў тут легенду аб паходжанні літоўцаў ад рымлянаў (легенда аб Літаліі). Аўтар паўтарыў звесткі Длугаша аб тым, што ў былыя часы русіны лічылі літвінаў народам цёмным, вартым пагарды, жабрацкім, так што кіеўскія князі бралі з іх у знак падданства толькі дубовую кару і скураныя паясы. З іншага боку, тую Русь, што належала да Польскай кароны, як багатую і прыгожую краіну.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі "Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы". — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. ISBN 985-417-858-7.. С.37,38.