Маса
З Вікіпедыя.
Ма́са - скалярная фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе інертнасць цела, г.зн. яго здольнасць супраціўляцца знешнім уздзеянням. Чым большая маса цела, тым больш павольна яно будзе змяняць сваю хуткасць пад уплывам знешняй сілы, інакш кажучы - тым меншым будзе ягонае паскарэнне.
Паняцце масы ўведзена механіку І. Ньютанам.
Маса з'яўляецца адытыўнай велічынёй, г.зн. маса складанай сістэмы ёсць сумаю мас яе частак.
Прырода масы – адна з найважнейшых нявырашаных праблем фізікі.
[правіць] Інерцыйная і гравітацыйная маса
Акрамя масы як меры інерцыі (інерцыйнай масы) існуе паняцце гравітацыйнай масы як меры гравітацыйнага ўздзеяння цела на іншыя целы. Тэарэтычных падстаў лічыць, што гравітацыйная і інерцыйная масы цела супадаюць, няма. Але шматлікія эксперыменты даказалі з высокай дакладнасцю, што інэртная і гравітацыйная масы прапарцыянальныя адна адной, а гэта значыць, што пры звыклым выбары адзінак вымярэння значэнні абедзвюх мас супадаюць, і іх можна лічыць тоеснымі. Гэты факт названы А. Эйнштэйнам прынцыпам эквівалентнасці і пакладзены ў аснову агульнай тэорыі адноснасці.
[правіць] Маса ў класічнай і рэлятывісцкай фізіцы
У класічнай фізіцы маса цела лічылася нязменнай велічынёй - гэта адлюстроўвае закон захавання масы.
У спецыяльнай тэорыі адноснасці паняцце масы неад'емна спалучана з энергіяй - няма асобных законаў захавання для масы і для энергіі, яны злучаныя ў адзіны закон захавання поўнай энергіі:
E = mc2
дзе c – хуткасць святла ў вакууме. Маса спакою m0 (маса цела ў сістэме адліку, злучанай з ім) з’яўляецца яго нутранай характарыстыкай і вызначае так званую энергію спакою
E0 = m0c2
Маса цела расце з павелічэннем яго хуткасці.
[правіць] Вызначэнне масы цела
Прынцып эквівалентнасці абгрунтоўвае вызначэнне масы цела распаўсюджаным спосабам узважвання. Масу нябесных целаў разлічваюць на падставе характарыстык іхняга руху па арбітах. Адзінкай вымярэння масы ў сістэме СГС ёсць грам, а ў Міжнароднай сістэме СІ – кілаграм. Для вызначэння масы атамаў і малекул карыстаюцца атамнаю адзінкаю масы. Маса элементарных часцінак вызначаюць або ў адзінках масы электрона me, або ў энергетычных адзінках, указваючы энергію спакою адпаведнай часцінкі.
- маса электрона – 0,511 Мэв
- маса пратона - 1836,1 me або 938,2 Мэв і г. д.