Акіянія
З Вікіпедыя.
Акіянія – частка свету, самая вялікая сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтральнай і паўднёва-заходняй частцы Ціхага акіяна, паміж Аўстраліяй і Малайскім архіпелагам на захадзе і вялікімі акіянскімі прасторамі на поўначы, усходзе і поўдні.
[правіць] Геаграфічнае становішча
Акіянія размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўночнага паўшар'я і ўмеранымі Паўднёвага. Плошча 1,26 млн. км². Найбольшыя астравы: Новая Гвінея, Паўночны востраў (Новая Зеландыя), Паўднёвы востраў (Новая Зеландыя). Гэтыя 3 астравы складаюць каля 80% агульнай плошчы Акіяніі.
Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб'ядноўваюць з Аўстраліяй, часам выдзяляюць як асобную частку свету.
Паводле асаблівасцей прыродных умоў і насельніцтва ў Акіяніі выдзяляюцца рэгіёны: Меланезія, Мікранезія, Палінезія, Новая Зеландыя.
[правіць] Прыродныя ўмовы
У Акіяніі ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (востраў Бугенвіль, Гавайскія астравы і інш.), нізінныя каралавыя (Маршалавы астравы, Науру і інш.).
Найбольш высокі пункт Акіяніі – гара Джая на Новай Гвінеі, 5029 м. Гарыстыя астравы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дуг геасінклінальнай вобласці заходняй ускраіны Ціхага акіяна. У цэнтральнай частцы акіяна знаходзяцца найвышэйшыя вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з астравоў. Вулканы Маўна-Кеа і Маўна-Лоа на Гавайях дасягаюць вышыні больш за 4000 м. Актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі.
Сярод карысных выкапняў у Акіяніі вядомы нікель і жалезныя руды (Новая Каледонія), фасфарыты (Науру), нафта (Новая Гвінея), золата (Новая Гвінея, Фіджы), вугаль (Новая Зеландыя), медзь (Бугенвіль, Новая Каледонія) і інш.
Клімат рэгіёна акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экавтарыяльны, на поўдні субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэдняя тэмпература на працягу ўсяго года складае 26-28 ºС, а на крайнім поўдні тэмпература змяняецца ад 16 ºС у лютым да 5 ºС у жніўні. Ападкаў выпадае ад 1000 мм у год на ўсходзе да 3000-4000 мм і больш на захадзе. Асабліва шмат ападкаў на наветраных схілах гарыстых астравоў, напрыклад на Гавайскіх астравах да 14000 мм. У цэнтральнай Акіяніі і на захадзе частыя тайфуны.
Рэкі на астравах кароткія, мнагаводныя пераважна на буйных астравах. На Паўднёвым востраве Новай Зеландыі ёсць ледавікі.
Для глебавага покрыва астравoў Акіяніі характэрны чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў распаўсюджаны чырвона-бурыя глебы, у вільготных раёнах балотныя і забалочаныя.
На наветраных схілах гарыстых астравоў пераважаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы, на падветраных – ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саванаў. На нізінных каралавых астравах сустракаюцца зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальм, хлебнага дрэва і інш. Асноўныя культурныя расліны: сагавая і какосавая пальмы, манга, цукровы трыснёг і інш.
У фаўне Акіяніі сустракаюцца аўстралійскія віды (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія віды (дзік і інш.). Млекакормячых мала, затое мноства насякомых, каля 650 відаў птушак. Шмат эндэмікаў.
[правіць] Палітычная карта
У Акіяніі размешчаны дзяржавы: Вануату, Заходняе Самоа, Кірыбаці, Маршалавы Астравы, Мікранезія, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа - Новая Гвінея, Саламонаы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы. Да Акіяніі належаць часткова тэрыторыі ў складзе Інданезіі і ЗША (штат Гавайі).
Залежныя тэрыторыі і ўладанні іншых краін: Новая Каледонія, Гуам, Паўночныя Марыянскія астравы, Таіці, астравы Кука, Усходняе Самоа і інш.
Рэгіёны света | |||
Амерыка | Паўночная · Карыбы · Лацінская · Цэнтральная · Паўднёвая | ||
---|---|---|---|
Еўропа | Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая | ||
Азія | Заходняя · Центральная · Усходняя · Паўднёвая · Паўднёва-Усходняя · Блізкі Усход · Сярэдні Усход · Далёкі Усход |
||
Афрыка | Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая | ||
Акіянія | Аўстралія · Новая Зеландыя · Меланэзія · Мікранэзія · Палінэзія | ||
|
|||
Полюсы | Арктыка · Антарктыка | ||
Акіяны | Атлантычны · Індыйскі · Паўночны · Ціхі · Паўднёвы |